Асноўнае пытанне чарговага пасяджэння райвыканкама прысвячалася гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый да правядзення веснавых палявых работ у 2021 годзе.
У 2021 годзе агульная пасяўная плошча сельскагаспадарчых культур у раёне 25 тысяч гектараў. План яравой сяўбы — 14,1 тысячы гектараў.
У рабоце пасяджэння браў удзел Уладзімір Машэра, першы намеснік начальніка камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама.
Дзелавы тон размове задаў старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч. Ён звярнуў увагу на важны этап сельскагаспадарчага года, ад якога залежыць лёс будучага ўраджаю.
Пра стратэгічную задачу — забяспечыць арганізаваную і якасную сяўбу з максімальнай канцэнтрацыяй матэрыяльных рэсурсаў сельскагаспадарчай тэхнікі, гаруча-змазачных матэрыялаў, угнаенняў, насення ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны — расказаў намеснік старшыні Полацкага райвыканкама–начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мікалай Баратынскі.
Што пасеем?
У 2021 годзе вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі павінна быць забяспечана на ўзроўні 104,6% з рэнтабельнасцю продажу не меней за 3,5%. Неабходна атрымаць валавы збор зерня ў аб’ёме 37,5 тыс. тон, насення рапсу — 5,5 тыс. тон, 9,5 тыс. тон бульбы, 2,1 тыс. тон агародніны, нарыхтаваць травяных кармоў у пераліку на кармавыя адзінкі — 71 тыс. тон.
У Полацкім раёне ажыццяўляюць дзейнасць 14 сельгасарганізацый, з якіх 8 гаспадарак уваходзяць у склад аграпрамысловага аб’яднання ААТ «Полацкі малочны камбінат», 4 гаспадаркі маюць інвестараў. Плошча сельгасугоддзяў складае 49,2 тыс. га, у тым ліку 31,4 тыс. га пашы і 17,6 тыс. га сенажаці.
На 2021 год структура пасяўных плошчаў сфарміравана пад неабходнасць раслінаводчай прадукцыі, у першую чаргу, пад галіну жывёлагадоўлі, з улікам росту аб’ёма вытворчасці, паставак у лік дзяржаўных патрэб, засыпку насенных фондаў пад ураджай 2022 года. Зерневая група зойме 13 000 га (41%), крыжакветныя — 3600 га (11%), кукуруза на зерне — 500 га, бульба — 240 га, агародніна — 61 га. Пад кармавыя культуры — кукуруза на сілас, аднагадовыя і шматгадовыя травы — 14 тыс. га (44%).
Ёсць задзел
Спрыяльныя ўмовы надвор’я восенню 2020 года дазволілі павялічыць пасяўныя плошчы азімых зерневых і крыжакветных культур. Пад ураджай бягучага года пасеяна на зерне 8833 га азімых зерневых, з іх 2054 га замежнай селекцыі, і 2057 га крыжакветных, з якіх замежнай селекцыі 590 га. Восенню сельгасарганізацыямі паднята 6986 га зябліва.
Пра насенне
Заданне па засыпцы насення яравых зерневых і зернебабовых культур да веснавой сяўбы выканана. Засыпана 2531 т пры неабходнасці 1001 т, з іх замежнай селекцыі 250 т. Усё насенне прайшло праверку.
Галоўнае — людзі
Распрацаваны мерапрыемствы, накіраваныя на бяспечную эксплуатацыю машынна-трактарнага парка, а таксама бяспечную працу персаналу, які будзе заняты на вясенне-палявых работах. Пройдуць пазапланавыя інструктажы па захаванні правілаў бяспекі. Вырашаны пытанні з забеспячэннем удзельнікаў пасяўной кампаніі спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай засцярогі і гарачым харчаваннем.
Уладзімір Машэра звярнуў увагу на тое, што пры правядзенні веснавой сяўбы неабходна ўлічыць важны момант — захаваць людзей. На належным узроўні павінна быць ахова працы, і створаны адпаведныя ўмовы для яе.