На паштовым аддзяленні «Гараны» Полацкага раённага вузла паштовай сувязі працуюць сапраўдныя прафесіяналы

Главное Люди

Сучасная пошта па-ранейшаму застаецца цэнтрам аказання спецыялізаваных паштовых і іншых запатрабаваных насельніцтвам паслуг, а таксама, асабліва на вёсцы, месцам актыўнай камунікацыі. За апошнімі навінамі, парадамі і, увогуле, за пазітыўным настроем людзі таксама пры­ходзяць да паштавікоў.

Цалкам апраўдвае чаканні сваіх кліентаў калектыў паштовага аддзялення «Гараны» Полацкага раённага вузла паштовай сувязі. І з самага ранку да прыкметнага будынку, у якім працуе пошта, спяшаюцца мясцовыя жыхары: хто заказны ліст адправіць, хто паштоўку ці канверт набыць, хто — плацёж па крэдыту ажыццявіць. Асаблівы наплыў лю­дзей, зразумела, у час аплаты за ка­мунальныя паслугі, выплаты пенсіі. Увогуле, сумаваць работнікам гаранскага АПС няма калі, у гэтым журналісты «Полацкага весніка» уласна пераканаліся. На размову ў паштавікоў часу амаль і не было. Але, ме­навіта назіраючы за іх працай, мы мелі магчымасць адзначыць іх высокі прафесіяналізм, добразычлі­васць, уменне разумець патрэбы наведвальнікаў аддзялення, як кажуць, з паўслова.

АПС «Гараны», у якім шчыруюць чацвёра супрацоўнікаў, абслугоўвае аграгарадкі Гараны і Новыя Гараны, а таксама вёску Баравыя. «Калектыў наш з’яднаны і вопытны, узаемазамяняльнасць — адзін з прынцыпаў арганізацыі работы», — распавяла начальнік паштовага аддзялення Марына Леанідаўна Шыбут, агульны «паштовы» стаж якой складае амаль 30 гадоў. Каля чвэрці стагоддзя — такая багатая біяграфія ў сістэме паштовай сувязі ў аператара Наталлі Ананьеўны Сушчай, а таксама ў паштальёна Наталлі Аляксееўны Івановай і яе калегі Людмілы Міхайлаўны Мазай. Назапашаныя імі за дзесяцігоддзі веды і навыкі, адказныя адносіны да справы, а таксама ўласцівыя кожнай з іх выдатныя чалавечыя якасці да­зваляюць з поспехам выконваць працоўныя задачы і быць пры­кладам для калег. Вось і нядаўняя падпісная кампанія на даверанай іх клопату тэрыторыі прайшла з добрым вынікам.

— На «Полацкі веснік» і ўвогуле нашы вяскоўцы падпісваюцца ахвотна, а калі хто з суседзяў або знаёмых на старонкі газеты трапляе, дык набыць дадатковы эк­зэмпляр яшчэ і ў аддзяленне прыйдуць! — адзначыла паштальён Наталля Іванова.

Так, шчырыя чалавечыя зносіны, уменне спачуваць бядзе або радавацца поспехам бліжняга па-ранейшаму моцныя ў людзей, якія жывуць і працуюць на зямлі. Паштальёны, якія з дня ў дзень крочаць вясковымі дарогамі, гэта асабліва добра ведаюць. Ім і самім даволі часта даводзіцца дапамагаць атрымальнікам карэспандэнцыі — і словам, і справай. Каму — пэўнае выданне параіць, каму ўрача выклікаць, з кім — удалым рэцэптам падзяліцца. Такая сардэчнасць разам з высокім прафесійным майстэрствам, якое руплівы калектыў АПС «Гараны» не стамляецца ўдасканальваць (ізноў-такі ў інтарэсах спажыўцоў паштовых паслуг!), — адчувальна дапамагае яму ў рабоце, у аказанні традыцыйных і папулярызацыі новых паслуг. Напрыклад, адпраўленні «1 класс», паслугі лінейкі «Камфорт», міжнародная паскораная пошта EMS-Belpost, гандаль праз каталогі — з такімі відамі паслуг РУП «Белпошта» сяляне не проста знаёмыя, але і паспяхова карыстаюцца імі па меры неабходнасці.

«Мы працуем для людзей, — кажуць работнікі аддзялення паштовай сувязі «Гараны», — таму заўсёды рады нашым кліентам. Няхай часцей да нас прыходяць, і мы дапаможам вы­рашыць ім самыя розныя пытанні: ад афармлення паштовых адпраўленняў — да страхавання і нават віншаванняў  ад  Дзеда  Мароза!»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *