На палях Полацкага раёна зафіксавалі заканчэнне ўборкі збожжавых і зернебабовых

Главное Заботы сельские

На бягучым тыдні спецыялісты дыспетчарскай упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама зафіксавалі заканчэнне ўборкі збожжавых і зернебабовых на палях Полацкага раёна. Даведзены план — плошча больш за 13 тысяч гектараў — скошана, намалочана амаль 48 тысяч тон залатога збожжа (у мінулым годзе было 43 тысячы тон).

У гэтую вялікую святую справу ўборкі хлеба ўклалі намаганні ўсе працаўнікі сельскагаспадарчай галіны Полацкага раёна. Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, з якімі мы су­стракаліся падчас уборкі хлеба, у адзін голас адзначалі: кожнае звяно, якое ажыццяўляе пасяўныя, доглядныя і ўборачныя работы з вясны да ўборачнай пары, справілася са сваёй задачай. У гарачую пару ўборкі хлеба ўсе людзі адказна працавалі на сваіх месцах: у дыспетчарскіх, на мехтаках, у мехмайстэрнях, у сталовых, на палях. Вядома, што толькі зладжаная праца ўсіх службаў можа прывесці да агульнага поспеху.

Традыцыйна на сёлетнім жніве-2015 былі перадавікі. Высокая ўраджайнасць збожжавых (у ААТ «Кушлікі» і УП «ПС-Карпекі» дасягнула 52 цэнтнеры з гектара!) і сухое надвор’е дазволілі многім экіпажам камбайнераў дасягнуць тысячных намалотаў. Вадзіцелі, якія працавалі на адвозцы збожжа, таксама перавезлі па тысячы і больш тон збожжавых і зернебабовых. Уборка ўраджаю-2015 асабліва запомніцца 14 экіпажам камбайнераў-тысячнікаў і 13 вадзіцелям-тысячнікам, якіх прама на полі, на працоўных месцах віншавалі кіраўнікі і старшыні прафкамаў гаспадарак і старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі.

Працаваць трэба!

Кагорту вадзіцеляў-тысячнікаў папоўніў вядомы нашым чытачам па публікацыях мінулых гадоў Мікалай Скара­дзёнак з ААТ «Кушлікі». Яго мы напаткалі ў Мацюшах, куды перадавік прыехаў дапамагаць адвозіць збожжа ад камбайнаў. Пра сакрэт, як яму ўдалося на машыне «ГАЗ- 35071», якая за раз перавозіць толькі 4 тоны збожжа, стаць тысячнікам, Мікалай Пятровіч сказаў: «Працаваць трэба, старацца!». З працоўным поспехам яго віншавалі кіраўнік гаспадаркі Фёдар Завадскі, старшыня прафкама Людміла Ахрамёнак і любімая жонка. Апранаючы падораныя Аляксандрам Дабраслаўскім прафсаюзныя майку і кепку, перадавік усміхаўся і быў задаволены, што атрымаў грашовую прыбаўку да зарплаты.

тысячники 116

Дзякуй за катлеты

«На ўраджай, канешне, ваша праца ніяк не ўплывае, але настрой працуючых у полі і добрае адчуванне аграрыяў у вашых руках!» — звяртаючыся да працаўнікоў сталовай гаварыў адзін мудры кіраўнік гаспадаркі.

Мы поўнасцю згодныя з ім, таму завіталі ў сталовую ААТ «Кушлікі», каб пазнаёміцца з тымі, хто гатуе абеды і падвячоркі для працаўнікоў палёў. На пытанне, якая са страў самая любімая ў камбайнераў, дзяўчаты адказалі: «Усе любімыя!». А загадчыца сталовай Галіна Нізюмава ўдакладніла: «Нашы катлеты асабліва хваляць!». Жанчыны працуюць на кухні з 7 гадзін раніцы да 16-ці. Пасля абеду трэба посуд вымыць і прыгатаваць для працуючых у полі падвячоркі, у якія звычайна ўключаюцца каўбаса, агародніна, напой. Абеды для камбайнераў перадаюць праз вадзіцеляў, якія працуюць на адвозцы.

Дружная каманда павароў разумее важнасць сваёй справы: без сытнага абеду якая будзе праца? Таму і завіхаюцца на кухні з самага ранку, укладаючы ў кожную страву не толькі ўменне, але і часцінку душы.

IMG_2557

Ну і ўраджай!

Камбайнер-тысячнік Васіль Зуеў з КУП «Захарнічы» пачынаў сёлетнюю ўборачную кампанію разам з сынам Дзмітрыем, а потым працаваў адзін. Гэты прафесіянал добра ведае любую сельскагаспадарчую тэхніку. Працуе ў КУП «Захарнічы» ўсё жыццё, сёлетні сезон уборкі ўраджаю для яго 17-ы ці 18-ы па ліку. Працаваў спачатку на «Ніве», 10 сезонаў убіраў хлеб на «КЗР-10», цяпер пасябраваў з «КЗС-1218». Памятае яшчэ камбайн «Енісей» на гусенічным ходзе. Васіль Васільевіч не хаваў свайго захаплення ад сёлетняга ўраджаю: «Такой пшаніцы ў нас не было нават у гады СССР. Месцамі ўра­джай дасягаў 60 цэнтнераў з гектара. Гэта дзіўна, што ў такое сухое лета вырасла столькі хлеба!». Радасць працоўнай перамогі перадавік падзяліў з жонкай Раісай Мікалаеўнай, якая працуе ў іх гаспадарцы на мехтаку загадчыцай склада, а таксама з дачкой і сынам.

тысячники 202

Сюрпрыз для родных

Сустрэча з экіпажам камбайнераў у складзе Уладзіміра Сушчыка і Леаніда Брагіна з філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» завяршыла шэраг нашых знаёмстваў з лідарамі жніва-2015. Гэтыя працавітыя мужчыны прымалі віншаванні з працоўнай перамогай у панядзелак на бягучым тыдні.

Уладзімір Сушчык працуе ў філіяле «Гараны-Агра» сёмы год. Да гэтага дасягаў добрых вынікаў на ўборцы хлеба ў сельгаспрадпрыемстве «ПС-Карпекі». Родам ён з Гомельшчыны, пераехаў у наш раён пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Уладзімір Адамавіч — вопытны трактарыст, вельмі любіць працу на зямлі. Калі мы даведаліся, што ён мае дваіх дзяцей, парадаваліся за перадавіка, за яго надзейны тыл. «Сам я выхоўваўся ў шматдзетнай сям’і, быў дзясятым сынам у бацькі, а пасля мяне быў яшчэ і адзінаццаты…» — здзівіў нас камбайнер. І мы зразумелі, што сялянская праца стала для яго роднай стыхіяй таму, што ён рана яе спазнаў, як звычайна бывае ў шматдзетных сем’ях.

22-гадовы Леанід Брагін сёлета працаваў памочнікам камбайнера ўпершыню, і адразу — тысячны поспех! З камбайнерам Уладзімірам Адамавічам яны хутка знайшлі агульную мову, і таму ўсё ў іх атрымалася. Леанід добра ведае не толькі камбайн, але і іншую тэхніку — працуе ў гаспадарцы загадчыкам аўтагаража. За плячыма ў юнака Гарадоцкі аграрна-тэхнічны каледж і служба ў арміі, а ў марах — вучоба ў вышэйшай навучальнай установе дзеля ўзбагачэння тэхнічнымі ведамі.

тысячники 456

Пра тое, што Уладзімір Сушчык і Леанід Брагін выйшлі пераможцамі-тысячнікамі, іх блізкія не ведалі. Расказаць пра гэта дома, як пра прыемны сюрпрыз, яны вырашылі пасля ўшанавання Падзячнымі лістамі, грашовымі прэміямі, майкамі і кепкамі старшынёй Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандрам Дабраслаўскім.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *