На мінулым тыдні завяршыўся выган кароў у поле ва ўсіх гаспадарках Полацкага раёна.

Заботы сельские

На мінулым тыдні завяршыўся выган кароў у поле ва ўсіх гаспадарках Полацкага раёна. Нарэшце рагулі дачакаліся волі. Хоць на большасці фермаў бяспрывязнае ўтрыманне жывёлы, і ў кароў ёсць магчымасць руху, але ўсё ж такі мацыён (прагулка з мэтай умацавання здароўя) у іх павінны быць большы.

— Галоўнае, чаго не хапае каровам зімой, — удакладніла намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама Наталля Тышкевіч, — гэта сонейка. Святло і свежае паветра станоўча ўплываюць на прадукцыйнасць жывёлы. Першыя дні пасля выгану кароў ідзе іх адаптацыя да новых умоў, а потым, калі яны прызвычаюцца (асабліва маладыя кароўкі, першацёлкі), надоі малака растуць.

Па інфармацыі райсельгасхарчу, па стану на раніцу серады паказчык валавой вытворчасці малака па Полацкім раёне — 106,3% да ўзроўню мінулага года. Некалькі гаспадарак — «Кушлікі», «ПС-Карпекі», «Блізніца», «Банонь-Агра» і «Полацкі аграсервіс» — павялічылі надоі на 120% і больш.

Пра рост вытворчасці малака мы гаварылі падчас выезду на пашу ААТ «Блізніца». Ва ўрочышчы Саламір’е грэліся на сонейку 220 каровак. Выконваючы абавязкі дырэктара гаспадаркі Браніслаў Піліпёнак заўважыў, што выган кароў у поле станоўча адбіўся на эканамічных паказчыках ААТ «Блізніца»: 76% малака здаецца на ААТ «Полацкі малочны камбінат» гатункам «экстра», астатняе — вышэйшым.

IMG_8863
Пастухі Раман Бабаеў і Фёдар Дубцоў  чакалі пары выгану жывёлы ў поле. «Для кароў выпас у полі — больш спрыяльны, — з веданнем справы гаварыў Фёдар (працуе з жывёлай два дзясяткі гадоў). — Зараз добрае надвор’е, не горача. Жывёла добра ходзіць, мы сочым, каб у дастатковай колькасці былі вада і соль, камбікорм». Пастухі ўважліва назіраюць за жывёламі, кантралююць, каб хапала травы, за дзень ім даводзіцца пераганяць статак 6-8 разоў. Надвор’е зараз цёплае, трава расце хутка.

«Як выгналі кароў у поле — «пайшлі» ўверх надоі: па ферме «Блізніца» — 150% да ўзроўню мінулага года, гэты статак адразу прыбавіў 200 літраў малака ў дзень», — распавяла Таццяна Змітрачэнка , загадчыца комплексам «Блізніца-2».

Таццяна Мікалаеўна кантралюе працу пастухоў і даярак. Ужо а шостай гадзіне раніцы на полі пачынаецца дойка, другая — у 18 гадзін. Усе працуюць старанна, імкнуцца скарыстаць час, пакуль трава сакавітая, больш карысная для жывёлы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *