Шэсць зернеўборачных камбайнаў, нібы караблі, плылі ўчора па хлебнай ніве гаспадаркі «Гараны-Агра».
Калі назіраеш, як хутка набіраюцца налітым зернем бункеры вялікіх машын, гонар ахоплівае за землякоў, якія вырасцілі багаты хлебны ўраджай. «Гараны-Агра» ў лідарах Полацкага раёна па колькасці працуючай тэхнікі на палях, па ўбранай плошчы, засеянай зерневымі (395 га), і намалоце (1707 цэнтнераў). Па ўраджайнасці гаранцы дасягнулі лічбаў 43,2 цэнтнера з гектара. Пасля кушлікоўскіх рэкордаў сёлетняга года (50 і больш цэнтнераў з гэктара!) — гэта другі паказчык на ўборачнай 2022 года.
Прыклад у працы паказваюць тысячнікі мінулых гадоў. Адзін з іх Пётр Карклінь (на фота), для якога сёлетняя ўборачная кампанія дванаццатая ў калектыве сельгаспрадпрыемства «Гараны-Агра». «Хлеб трэба ўбраць якасна і без страт, як звычайна», — зазначыў камбайнер і паказаў на гадзіннік: у летнюю пару кожная хвіліна на вагу золата! Яго старэйшы сын працуе вадзіцелем, жонка таксама шчыруе ў іх гаспадарцы. Яшчэ двое дзяцей — сын і дачка — вучацца. Пётр Карклінь разам з памочнікам мараць пра адно: было б толькі спрыяльнае надвор’е, а ўсё астатняе ім па плячы!