Палачанам засталася ўнікальная спадчына. Справа за тым, каб паказаць яе, як кажуць, тварам. Менавіта на гэта накіравана дзейнасць Турыстычнага цэнтра Полацкага дзяржуніверсітэта, які днямі гасцінна расчыніў свае дзверы ў будынку XVIII стагоддзя, былым доме віцэ-губернатара, які размешчаны па адрасе: Замкавы праезд, 2-а. Дарэчы, гэта далёка не першы крок вышэйшай навучальнай установы на шляху папулярызацыі гістарычнай спадчыны старажытнага Полацка. Імкліва набіраюць папулярнасць экскурсіі па былым іезуіцкім калегіуме. Магчымасцю задаць пытанні Мудраму старцу і паглядзець на ўнікальны гадзіннік ва ўніверсітэцкім дворыку імкнуцца як шматлікія жыхары горада, так і госці з блізкага і далёкага замежжа.
Аб тым, што старажытны Полацк багаты на гістарычную спадчыну, вядома, напэўна, кожнаму беларусу. Ведаюць пра наш горад і ў замежжы. Але, як кажуць, лепш усё пабачыць на ўласныя вочы. З кожным годам расце колькасць жадаючых дакрануцца да крыніцы дзяржаўнасці, духоўнасці, культуры, паблукаць па вуліцах, якія захоўваюць рэха крокаў славутых продкаў, паслухаць арган у Сафіі, пакланіцца святыням…
Але вернемся да падзеі. Перад пачаткам прэзентацыі прарэктар ПДУ па выхаваўчай рабоце Павел Каваленка, адказваючы на пытанні журналістаў, зазначыў, што Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, які адлічвае сваю біяграфію з 1581 года, мае глыбокія гістарычныя карані: «Старажытныя сцены, у якіх працавалі, выкладалі, рабілі адкрыцці знакамітыя людзі з усёй Еўропы, захоўваюць асаблівую энергетыку і садзейнічаюць таму, каб нашы студэнты сталі сапраўды высокаадукаванымі людзьмі. Нам ёсць што паказаць і турыстам, таму трэба развіваць гэты накірунак».
Наведвальнікі Цэнтра трапляюць, перш за ўсё, у магазін сувеніраў. На сённяшні дзень іх тут прадстаўлена 50 відаў, і асартымент будзе паступова пашырацца. У вітрынах выстаўлены тры калекцыі — першая з выявамі Полацкага калегіума, другая — з сімволікай універсітэта, і трэцяя — са славутымі месцамі Полацка. Большасць сувеніраў выраблена ў рэдакцыйна-выдавецкім аддзеле ПДУ. Тут можна таксама скарыстацца «турыстычнай поштай».
Кожны жадаючы мае магчымасць адправіць маляўнічую паштоўку з прывітаннем са слаўнага горада Полацка ў любую кропку свету. Прыняўшы ўдзел у анлайн-латарэі — атрымаць асабістае прадказанне ад Мудрага старца, а яшчэ тут можна забраніраваць і аплаціць турыстычныя паслугі, якія аказваюцца ва ўніверсітэце.
Другая зона — творчая майстэрня. У ёй будуць праходзіць экскурсіі з майстар-класамі, дзе прадугледжаны ўласнаручны выраб сувеніраў і больш падрабязнае знаёмства з гісторыяй старажытнага Полацка. Распрацавана тры віды майстар-класаў пад агульнай назвай «Полацкія сувеніры» — па стварэнні міні-карцін, па вырабе магнітаў і пастаноўцы сургучнай пячаткі. Кожны з гасцей зможа атрымаць імянны сертыфікат аб наведванні Полацка і сам паставіць на ім пячатку.
Дарэчы, у тэставым рэжыме пачаў функцыянаваць сайт www.tourcentr.psu.bу, на якім можна атрымаць вычарпальную інфармацыю пра ўсе паслугі, якія прапануе Турыстычны цэнтр. Таксама на вашы пытанні адкажуць па тэлефонах: 8(029)719-86-08, 42-77-79 і 42-31-54.
А на другім паверсе будынка Турцэнтра размешчана вучэбна-даследчыцкая лабараторыя археалогіі, этнаграфіі і антрапалогіі кафедры гісторыі і турызму гуманітарнага факультэта. Пакуль што тут праводзяцца заняткі са студэнтамі, аформлены выставы, у якіх прадстаўлены артэфакты, знойдзеныя падчас экспедыцый, ці раскопак на Полаччыне. Але ўжо ёсць ідэя ў перспектыве праводзіць на яе базе заняткі для дзяцей, напрыклад, па ткацтве.
Калі з’явілася жаданне адправіцца ў захапляючае падарожжа па часе і больш даведацца пра гісторыю старажытнага Полацка, завітайце ў новы Турыстычны цэнтр. Упэўнены — вам спадабаецца.