Мы ганарымся нашай рэспублікай

Главное

Як жа мы ганарымся нашай рэспублікай, калі замежныя госці захапляюцца чысцінёй вулачак гарадоў, гасціннасцю і адкрытасцю беларусаў! А пра спартс­менаў і казаць не трэба: кожны жыхар, нават самай маленькай вёсачкі, ведае прозвішчы тых, хто сваімі спартыўнымі перамогамі праслаўляе на ўвесь свет нашу Беларусь.

IMG_9136 фото А.Марцинкевича

Шчыра скажу, прыемна чуць ад родных, якія прыязджаюць з Масквы, здавалася б, прывычнае для нас: «Якая смачная ў вас смятана!», «Ой, а малако якое!», «А дзе ў вас магазін з беларускай касметыкай, яна нам вельмі да­спадобы!». Смешна назіраць, як у магазіне яны гатовыя скупаць дзясяткамі нашы полацкія сыркі-«пандачкі». Так, у сталіцы суседкі Расіі такой смакаты не знойдзеш. У такія моманты так ганарышся сваёй любімай Беларуссю — вось яна якая, наша сінявокая!

«Жыві і квітней, Беларусь!» — гэта не проста радок з гімна нашай краіны ці пажаданне. У душы кожны хоча, каб наша Беларусь развівалася і працвітала, каб пра яе ведалі далёка за мяжой. Праўда, адны толькі пра гэта мараць, а іншыя дзейнічаюць.

Не проста словы

Сёлетні год аб’яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Годам моладзі. І гэта дало моцны імпульс актыўным, прагрэсіўным юнакам і дзяўчатам рэалізаваць самыя смелыя праекты на карысць свайго прадпрыемства, горада ці вёскі, краіны. Да таго ж у многіх з’явілася магчымасць праявіць сябе ў творчых конкурсах, форумах.

IMG_9955 фото А.Марцинкевича

Дзякуючы маладзёжнаму крэатыўнаму праекту «Мы — в теме!» нам пашча­сціла пазнаёміцца з маладымі спецыялістамі прадпрыемстваў, уста­ноў, арганізацый Полаччыны. Праект «Мы — в теме!» — унікальны. Упершыню, літаральна ад станка, моладзь выйшла на сцэну і расказала пра сябе. Палачане даведаліся пра іх дасягненні на працы, пра перамогі ў прафесійных конкурсах розных узроўняў. Каманды так шчыра, цёпла расказвалі пра сваё прадпрыемства, пра сваю працу — няпростую, але такую любімую. Кожнае выступленне было незвычайным, вясёлым, дынамічным. А якія ж былі нумары-прызнанні ў любові роднай Беларусі! Гледачы нават і ўявіць не маглі, што такая творчая моладзь жыве і працуе побач.

IMG_5074 фото А.Марцинкевича

Гэты год увогуле багаты на адкрыцці і знаёмствы з прадстаў­нікамі актыўнай моладзі. Не так даўно зноўку давялося мець зносіны з творчымі юнакамі, дзяўчатамі. Магчымасць зрабіць новыя адкрыцці з’явілася падчас конкурсаў «Першы хлопец на вё­сцы» і «Super-нявеста». Пераможцы гэтых спаборніцтваў — вельмі цікавыя асобы, з незвычайнымі захапленнямі. Так, пераможца конкурсу сярод хлопцаў — май­стар на ўсе рукі. Ён і сталярнічае, і спортам займаецца, і металічныя веснічкі ды агароджы майструе. Да таго ж, «першы хлопец на вёсцы» на добрым ліку ў гаспадарцы. Вось так, дзякуючы відовішчным мерапрыемствам, з іншага боку змаглі адкрыцца працавітыя і адказныя прадстаўнікі маладога пакалення.

А колькі яшчэ такіх адда­дзеных сваёй справе юнакоў і дзяўчат, як кажуць, засталіся за кадрам! Крок за крокам моладзь імкнецца зрабіць сваё прадпрыем­ства лепшым, працу на ім прэс­тыжнай.

1 (5)

Такіх прыкладаў толькі на нашай старажытнай полацкай зямлі бясконцае мноства. А колькі ва ўсёй краіне тых, хто стараецца ўнесці свой уклад у развіццё Беларусі. Няхай на першы погляд незаўважны, але ж цаглінка да цаглінкі — і ўжо значны вынік.

«Жыві і квітней, Беларусь!» — не проста словы! Гэта свое­асаблівы заклік зрабіць нешта на карысць роднага краю. Каб потым яшчэ больш ганарыцца сваёй краінай, ведаючы, што ў гэтым ёсць і твая заслуга. І смятана з сыркамі смачная, і вуліцы чыстыя-чыстыя! Прыемна ж чуць, што наша сінявокая — прыгожы край, дзе так утульна, і куды хочацца вяртацца зноў і зноў.
Жыві і квітней, Беларусь!

Ляцяць у спаміны

Як здорава ў пахмурны восеньскі дзень захутацца ў мяккі плед, піць духмяны чай і ўспамінаць… Заплюшчваеш вочы і… Вось жвавенькая суседка-бабуля, убачыўшы, што мы, малыя, адны корпаемся з сенам, прыйшла на дапамогу і навучыла складваць невялікія капешкі. Як жа мы ганарыліся, што, пакуль бацькі прыбеглі з работы, я і малодшыя браты паспелі да дажджу справіцца з сенам. А яшчэ з сяброўкамі дружна выконвалі ўсе даручэнні матуль: спачатку ў адной мылі посуд, потым палолі градкі, прыбіралі. Вясёлай дзіцячай талакой хутка спраўляліся з простымі заданнямі. Так яшчэ будучы зусім малымі, мы, вясковыя дзеці, навучыліся дапама­гаць адно аднаму. Скажу, і зараз нічога не змянілася, не раз пры­ходзілася да знаёмых і сяброў-аднавяскоўцаў звяртацца, дык кожны гатовы прыйсці на выручку. З дзяцінства так павялося.

IMG_0311 фото А.Марцинкевича

Ох, а колькі ж шалашоў у лесе будавалі, была ў нас там нават «спартыўная зала», дзе месціліся груша ды турнік. Так весела было ганяць мяч на стадыёне, мы, дзяўчынкі, разам з хлопцамі гулялі ў футбол. Самае дзіўнае, што ў юнакоў хапала цярпення вучыць нас правільна біць мяч і лоўка цэліць у вароты…

Ляцяць успаміны, нібы кадры кінастужкі, такія цёплыя і мілыя сэрцу… Зноўку прамільгнула яркай успышкай — бяжым у магазін з сяброўкамі: «Ура, прывезлі марожанае!». Зараз нават смешна, бо і магазін у нашай вёсцы не а­дзін цяпер, дый прысмакаў — якіх хочаш. Тады мы «ляцелі» і баяліся, што можа не хапіць такога салодкага, халодненькага марожанага. Здаецца часам, што раней мы нават маглі пералічыць усе назвы прысмакаў, а цяпер куды ж там…

IMG_9471 фото А.Марцинкевича

А як жа мы спяшаліся ў сельскі дом культуры, каб паглядзець кіно ці мультфільмы… Зараз усё часцей сядзім дома ды запампоўваем навінкі з інтэрнету. Тады нават і не ведалі пра такое дзіва, а калі б сказалі, што амаль у кожнага будзе камп’ютар, дык не паверылі б, бо не танная цацка гэта.

Часам нават смешна становіцца ад таго, што адчуваем сябе бездапаможнымі без мабільнікаў, а раней жа ведалі на памяць усе нумары дамашніх тэлефонаў сваіх сяброў. Цяпер і ўявіць складана, што было неяк інакш. ..

IMG_2536 фото А.Марцинкевича

А як жа жыкалі матацыклы пад вокнамі, калі пачыналася дыскатэка. Ого, у хлопца — матацыкл, ды які! Юнакі, выхваляючыся адзін перад адным, наразалі кругі на пляцоўцы ля клуба. Смешна… проста пеўні ганары­стыя. Цяпер двухкалёсны сябра — ужо не тое, хлопцы на дыскатэку прыязджаюць з суседніх вёсак на машынах. Калі мы былі малыя, маглі пералічыць, у каго ў вёсцы ёсць машына і якая; і цяпер можна, канешне, але спіс значна большы атрымаецца. Эх, як ляціць час, як усё мяняецца, становяцца іншымі вёскі — нашая стала большай, пабудаваныя новыя дамы, прыязджаюць новыя людзі. Жыве вёска! Пра гарады дык і гаварыць няма чаго, крамы на кожным кроку — супермаркеты, гіпермаркеты, гандлёвыя цэнтры…

Гэтыя пахмурныя восеньскія дні — колькі ж у іх схавана добрых мараў і ўспамінаў! Напэўна, можна пісаць бясконца пра басаногае дзяцінства, студэнцкія гады і пра тое, як многа змянілася з той пары. І як здорава, што змены пазітыўныя! Ёсць што ўспомніць, чаму павучыцца і да чаго імкнуцца. Галоўнае, каб было жаданне!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *