Малочная рака філіяла «Вясна-энерга» самая шырокая ў Полацкім раёне

Заботы сельские

Сёлетні год склаўся для жывёлаводаў філіяла няпростым, але выніковым. У гэтыя восеньскія дні малочная рака філіяла «Вясна-энерга» самая шырокая ў Полацкім раёне: старанныя жывёлаводы забяспечваюць валавы надой за суткі 13700 кілаграмаў «белага золата».

Калі ўлічыць, што ўсе гаспадаркі Полацкага раёна за суткі прадаюць дзяржаве 111 тысяч кілаграмаў малака, то ўклад вышэйназванага філіяла ў гэтую лічбу важкі.
Штодзень кіпіць праца на малочна-таварным комплексе «Заскаркі» — «малочным сэрцы» філіяла, калектыў (на фота) працуе дружна, зла­джана. Падчас нашай сустрэчы жанчыны і мужчыны былі ў прыўзнятым настроі напярэдадні свайго прафесійнага свята. Адказна працуюць жывёлаводы і на іншых фермах, уносяць уклад у дабрабыт роднай гаспадаркі. Усе ганарацца сваімі працоўнымі поспехамі, разумеюць важнасць справы, якую выконваюць.


Але поспехаў у працы дасягаюць і жывёлаводы, і іншыя працаўнікі філіяла. На галіновых «Дажынках» — семінары-нарадзе па развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці прадпрыемстваў Міністэрства энергетыкі Рэс­публікі Беларусь, якія адбы­ліся нядаўна ў Оршы, заслу­жанымі ўзнагародамі ўшанаваны калектыў філіяла і перадавікі. Сельгаспрадпрыемства сёлета стала пераможцам сярод іншых філіялаў па ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, узнагароджана Ганаровай граматай «Белэнерга». Ад Міністэрства энергетыкі яму ўручаны сертыфікат на абсталяванне для прыгатавання і раздачы кормасумесі. Ганаровай граматы Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь удастоены Яўген Набебін, які выконвае абавязкі дырэктара філіяла. Ганаровая грамата «Белэнерга» ўручана Ганне Грышкевіч, галоўнаму аграному адкрытага грунту, Ганаровая падзяка кіраў­ніцтвам «Белэнерга» аб’яўлена Мікалаю Стрыёнку, тракта­рысту-машыністу. Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджана вядучы аграном Святлана Русінская. Ганаровай граматай Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў узнагароджаны трактарыст-машыніст Алег Перцаў.

Працаўнікам філіяла па сілах і надалей павялічваць аб’ёмы і паляпшаць якасць прадукцыі. Няхай малочная рака «Вясны-энерга» будзе шырокай, хлебны каравай важыць як мага больш, а наша зямля з кожным годам становіцца бага­цейшай!