Малады аператар машыннага даення з Полацкага раёну — першая ў працы

Главное Заботы сельские

Аліна Канцыял — аператар машыннага даення кароў ААТ «Новыя Гараны» — па выніках першага месяца новага года выйшла ў пераможцы абласнога спаборніцтва па вытворчасці малака.

Аліна, 20-гадовая дзяўчына, не чакала такога прыемнага сюрпрызу: яна ўпершыню стала пераможцай сярод калег ва ўзросце да 35 гадоў з усёй Віцебскай вобласці!

Яна прыехала ў Новыя Гараны з Полацка ўслед за каханым чалавекам. Калі маладыя людзі сустрэліся — вырашылі, што не ўяўляюць жыцця адзін без аднаго. Дзяўчына вучылася тады ў Полацку, авалодвала прафесіяй цырульніка. Хлопец прапанаваў ёй змяніць жыццё і месца жыхарства.

З таго часу мінула ўжо два гады. І Аліна не шкадуе, што прайшла ў вёсцы «школу жыцця». Спачатку з будучай свекрывёй хадзіла на ферму, дапамагала ёй. Паступова прызвычаілася да жывёл, прывыкла да абстаноўкі. Уладкавалася ў гаспадарку, давала выхадныя і водпускі жывёлаводам, вучылася даіць кароў. У тым, што яна стала аператарам машыннага даення, вялікая заслуга працаўнікоў фермы: усе калегі добразычлівыя, гатовыя падказаць і паказаць, як і што рабіць. Аліне далі групу кароў, яна сама раздойвала цялушак, і цяпер рагулі для маладой жанчыны — лепшыя ў свеце! За ёй на ферме «Шацілава» замацавана група з 42 кароў, маладая даярка дасягнула сярэдняга ўдою за месяц ад кожнай падапечнай 605 кілаграмаў, валавага надою 25,4 тоны. Цяпер, ужо папрацаваўшы на ферме, Аліна не можа сказаць, што ўсе каровы аднолькавыя. Яны зусім розныя: кожная — са сваім норавам. Яна ведае іх па мянушках, адчувае настрой, навучылася вызначаць, калі патрэбна дапамога ветурача. Дзяўчына ўмее абыхо­дзіцца і з нованароджанымі цяляткамі: гэтыя істоты выклікаюць у яе асаблівую пяшчоту!

Калі старшыня Полацкага райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі ўручаў Аліне Канцыял Падзячны ліст і грашовую дапамогу за працоўную перамогу, дзяўчына вельмі хвалявалася. У тую хвіліну яна думала пра блізкіх людзей, якія, бе­зумоўна, будуць ганарыцца яе поспехамі на працы!

Аператар машыннага даення Аксана Валеўка таксама атрымлівала заслужаную падзяку ад прафсаюза за адказную працу ў папярэднія месяцы. Гэта жанчына — працаўнік з вялікай літары. Яна шмат разоў выходзіла пераможцай вытворчага спаборніцтва, была гераіняй замалёвак у раённай газеце. Жывёлагадоўлі яна аддала шмат гадоў, нягледзячы на цяжкасці, не здрадзіла прафесіі.

Абедзве жанчыны былі ў добрым настроі: «хвіліны славы» выдаліся на выхадны дзень — зручны час, каб да­ваць інтэрв’ю, атрымліваць падарункі і марыць пра новыя перамогі.