Маладая даярка з ААТ «Блізніца» стала пераможцай полацкага раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення за люты

Заботы сельские Люди

Наталля Прашковіч, аператар машыннага даення з фермы Блізніца-2 ААТ «Блізніца», зараз знаходзіцца ў чарговым працоўным водпуску. Вабіць час дома, з сям’ёй.

Нагодай для нашай су­стрэчы з прывабнай маладой жанчынай стала яе працоўная перамога: па выніках раённага спаборніцтва за люты сярод аператараў машыннага даення ва ўзросце да 31 года, арганізаванага ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання Полацкага райвыканкама і Полацкім райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, яна заняла першае месца. За Наталляй замацаваны дойны статак з 46 кароў, сярэдні ўдой склаў за месяц 285 кілаграмаў «белага золата», валавы надой — 13,1 тоны каштоўнага прадукту.

— Працавала, як звычайна, старалася. На перамогу не разлічвала, але імкнулася больш зарабіць. Муж часова не працуе, трэба самой карміць дзяцей…

Наталля — з кагорты тых, пра каго можна сказаць: дзе нарадзілася — там спатрэбілася. Яе дзяцінства прайшло ў Блізніцы. Пасля заканчэння школы спрабавала паступіць на вучобу ў Полацкі лясны каледж, але не атрымалася.

Пайшла працаваць у сельскую гаспадарку, як і бацькі. Была спачатку вартаўніком мехмайстэрняў, потым перай­шла на свінаферму. Усюды праяўляла адказнасць, старанне. З прычыны распаўсюджання свінога грыпу свінаферму закрылі — перайшла на працу да­яркай.

Цяжка прывыкала, асабліва складана было працаваць на раздоі цялушак. Але цяпер ужо Наталля на ферме — як рыбка ў вадзе. Яе любімая рагуля з мянушкай Худышка дае за раз ад 10 да 13 кілаграмаў малака. Да сваёй любіміцы даярка ставіцца з пяшчотай і ўвагай. Любіць яна ўсіх сваіх падапечных. Сумуе, перажывае, як там Зорка, Малышка ці Бяроза без яе кло­пату.

Наталля выйшла замуж за тутэйшага хлопца, нарадзіла дваіх сыноў Максіма і Дзмітрыя. Старэйшы ўжо ходзіць у школу, малодшаму — пакуль 5 год. Сям’я жыве разам са свекрывёй Рэгінай Леанідаўнай, якая стала для дзяўчыны другой маці. Ёй яна ўдзячная за разуменне, падтрымку і дапамогу ў выхаванні дзяцей. Больш за ўсё Наталлі падабаецца, калі сям’я збіраецца разам. Дзеці і дарослыя любяць шашлыкі, якія з веданнем справы гатуе яе муж.

Падзячны ліст і грашовае ўзнагароджанне пераможцы спаборніцтва ўручыў старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі. Ён зычыў працавітай дзяўчыне новых працоўных перамог, якія, на яго думку, напрамую залежаць ад шчасця ў асабістым жыцці.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *