«Літаратурны сквер» у Полацку ў рамках праекта «Поэтический open-air «Стихи над городом» запрасіў на праграму «Дзень вясенні, дзень лірычны»

Культура

У чарговую нядзелю «літаратурны сквер» ля памятнага знака літары «Ў» у рамках праекта «Поэтический open-air «Стихи над городом» запрасіў на праграму «Дзень вясенні, дзень лірычны». І панавала тут у гэты дзень наша родная беларуская мова.

— Гэтую паэтычную су­стрэчу мы прысвяцілі беларускай літаратуры, беларускім паэтам і пісьменнікам і іх творам, — патлумачыла супрацоўніца Полацкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Надзея Калужонак.


На пляцоўцы спявала Галіна Ліфанава, выступалі сябры народнага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне». На мілагучнай матчынай мове гучалі вершы і песні ў выкананні дзяцей з СШ №6 — выхаванцаў літаратурнага гуртка. Удзельнікамі праграмы таксама сталі навучэнцы СШ №14 і прадстаўнікі ўзорнага юнацкага тэатра «Гармонія» Полацкага гарадскога Палаца культуры.

Усе разам «гарталі» старонкі літаратурнага календара, у якім былі пазначаны родныя пісьменнікі-юбіляры 2016 года. Супрацоўнікі Полацкай РЦБС падрыхтавалі шмат разнастайных выстаў, сярод якіх — «Вытокі творчасці ў полацкай газеце». Шматлікія прахожыя сталі ўдзель­нікамі своеасаблівага флешмобу «Смак беларускай мовы», атрымліваючы ўлёткі з разнастайнымі беларускімі словамі. А таксама кожны жадаючы мог атрымаць аркуш з вершам або «матыватар» на беларускай мове. «Будзьце з тым, хто робіць вас шчаслівым», «У вас павінна быць мара, каб вы маглі ўставаць раніцай» або «Лянота знішчае нашы мары», «Усё стане магчымым — толькі вер!»… Сапраўды, гэтыя жыццёвыя падказкі здольныя падштурхнуць нас перагля­дзець сваё светаўспрыманне і настроіцца на пазітыў.


Акрамя таго, у «літаратурным скверы» мы маглі паўдзельнічаць у апытанні, распавёўшы пра сваіх любімых айчынных паэтаў, разгадаць літаратурны красворд, пазнаёміцца на стэндзе «Беларусы ў свеце» з цікавай інфармацыяй, з выставай выданняў літаб’яднання «Наддзвінне». Па традыцыі дзейнічала і дзіцячая пляцоўка. Такім чынам, далучыцца да роднай мовы, адчуць асалоду яе гучання і нават праверыць свае веды мелі магчымасць госці свята ўсіх узростаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *