Кветкавая рапсодыя: супругі з Полаччыны вырошчваюць на сваім прысядзібным участку цюльпаны, крокусы і гіяцынты

Главное

Усе мы прывыклі да таго, што першымі вітаюць вясну пралескі і падбел, якія няўпэўнена трымаюцца на сваіх кароценькіх ножках, нясмела паглядаюць на сонейка і баяцца далёка адарвацца ад матулі-зямелькі.

IMG_4478 фото А.МарцинкевичаСтэрэатып пра веснавыя першацветы вырашылі зламаць супругі Івасішыны з аграгарадка Блізніца Полацкага раёна. Прадпрымальныя Таццяна і Андрэй ужо шосты год вырошчваюць на сваім прысядзібным участку цюльпаны, крокусы і гіяцынты, і менавіта гэтыя незвычайнай прыгажосці кветкі расцвітаюць у іх раней, чым пралескі ў лесе.

На гэтым тыдні нам пашчасціла пабываць у гасцях у Івасішыных, убачыць сапраўднае цюльпанавае царства. Мы падзівіліся на рознакаляровы кветкавы дыван, які распаўсюджваў прыемны водар. Для гаспадароў гэтага багацця (некалькіх тысяч кветак розных сартоў) зараз наступіла самая адказная пара: яны спяшаюцца паспець падзяліцца кветкавай прыгажосцю з усімі, чыё сэрца кранаюць пяшчотныя падарункі прыроды. Напярэдадні і ў дзень свята цюльпаны з Блізніцы будуць рэалізоўвацца на рынках Полацка і Наваполацка, і іх гаспадары спадзяюцца, што кветкі, у вырошчванне якіх яны ўклалі частку сваёй душы і вялікую працу, падораць святочны настрой шматлікім дзяўчынкам, дзяўчынам, жанчынам і бабулям.

Вытворца кветкавай прадукцыі Андрэй Івасішын разам з жонкай Таццянай загадзя рыхтавалі глебу, насенны матэрыял. «Цэлы месяц патрэбны, каб вырас цюльпан, расцвёў у сваёй поўнай красе!» — расказваў гаспадар. І дадаў, што вырошчваць і захоўваць кветкі трэба з разуменнем справы: з захаваннем нормаў тэмпературы, паліву і іншых. Пра свае цюльпаны Андрэй ведае ўсё: як называецца сорт, якія з іх больш раннія ці познія. Жонка Таццяна (на здымку) нясе адказнасць за афармленне букетаў. У маладой жанчыны добры густ, яна — творчая асоба, і да кожнай кветачкі ставіцца з асаблівай пяшчотай і любоўю. «Дзяцей (іх у сям’і — пяцёра!) зранку адпраўляем у школу і дзіцячы садок, а самі — за працу. Зразаем кветкі, упакоўваем — хапае клопату да вечара. Кветкі патрабуюць увагі і асцярожнага абыходжання, яны ж такія крохкія і безабаронныя, як маленькія рабяткі!» — расказала пра будзённыя справы гаспадыня.

Разам з цюльпанамі падарожжа на рынак чакаюць крокусы і гіяцынты. Гэтыя кветкі — у невялічкіх вазонах з глебай. Усіх, хто іх набудзе, яны будуць радаваць сваёй квеценню два, а то і тры тыдні.

Мы спыталі ў гаспадароў, якія з кветак у іх самыя любімыя. Даведаліся, што Таццяне даспадобы ружовыя цюльпаны, а Андрэй любіць гіяцынты. Напэўна, таму, што яны — вельмі пахучыя!

Аліна БАЛЬШАКОВА (тэкст і фота).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *