“Кушлікоўскія талокі” анлайн

Главное

Сельскае свята, якое з-за пандэміі COVID-19 летась не адбылося, сёлета вярнулася ў новым фармаце.

Перш за ўсё былі ўзнагароджаны пераможцы агляда-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне сядзіб на тэрыторыі Баравухскага сельсавета. Сярод іх сем’і Яцкевіч, Сарокіных, Андруковіч, Араць. Каб зацікавіць маладых у развядзенні дамашняй жывёлы, арганізатары выявілі самых захопленых гэтай справай. Ірына і Віктар Кавенько ў хатняй гаспадарцы трымаюць ажно 2 каровы, цяля, парсючкоў, кур і вялікага труса. Яны гатовы падзяліцца вопытам з усімі жадаючымі.

Квашанне капусты, якое заўсёды праходзіла на вачах удзельнікаў свята, таксама прайшло інакш. Жыхарка Кушлікаў Вера Шах запрасіла да сябе ў госці культработнікаў і прапанавала свой “рэцэпт з разынкай”. Акрамя традыцыйных кампанентаў яна дадае ў бочку яблыкі, а калі капуста заквасіцца, яшчэ “ўбівае” асінавы кол, каб яна не перакісла. А смачнай кропкай свята сталі гарбузовыя аладкі, прыгатаваныя на калодзе Галінай Зублевай са сваякамі па асабістым рэцэпце. Дарэчы, гарбуз падарыла ўдзельніца свята Марына Ганчарук. Сёлета яна ўпершыню вырошчвала гэту расліну, і ўраджай парадаваў!

Відэаролік пра “Кушлікоўскія талокі”, падрыхтаваны загадчыкам Кушлікоўскага сельскага Дома культуры Таццянай Семянько і культарганізатарам Аленай Цяцера, можна будзе ўбачыць на сайце СДК.