Гулкае вуркатанне матораў, шмат пяску, металу і шкла, засяроджаныя кіроўцы, штурманы і механікі, зачараваныя гледачы… У такой незвычайнай атмасферы прайшлі перадапошнія выходныя жніўня на Полаччыне. З 21 па 23 жніўня на тэрыторыі нашага раёна адбыўся сумесны этап Чэмпіянатаў Беларусі і Расіі па ралі-рэйдах — Баха «Беларусь». На цэнтральных вуліцах горада можна было сустрэць не толькі магутныя пазадарожнікі, але і велізарныя грузавікі «МАЗ», якія прымалі ўдзел у сусветна вядомым марафоне «Дакар», і аўтамабілі-прататыпы — адмыслова створаныя для ралі машыны.
У гонар вызвалення
У першы дзень плошча Свабоды ў Полацку стала эпіцэнтрам падзеі — тут размясціліся штаб спаборніцтваў, сцэна і, уласна, аўтамабілі, якія выстраілі для гледачоў роўнымі шэрагамі. Назіраць цырымонію ўрачыстага адкрыцця старта гонкі прыйшлі сотні чалавек — жыхары Полаччыны і госці нашага горада.
Сёлетні сумесны Чэмпіянат дзвюх дзяржаў быў прысвечаны 70-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У памяць вялікай падзеі канцэрт пачаўся з яскравага тэатралізаванага прадстаўлення, падрыхтаванага Заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь тэатрам «Пілігрым». У пастаноўцы сутыкнуліся маладосць, бесклапотнасць і бязлітасная вайна.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей звярнуўся старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук. «Упэўнены, што гэтыя спаборніцтвы прынясуць нам усім масу станоўчых эмоцый. Няхай перамогуць мацнейшыя!» — пажадаў ён. Адзін з арганізатараў праекта — Андрэй Бірукоў — назваў Полаччыну лепшым месцам для правядзення мерапрыемства. Для прысутных з яскравым канцэртам выступілі творчыя калектывы Полаччыны.
Прадоўжылася праграма свята прэзентацыяй спартыўных аўтамабіляў. Нават жнівеньскі дожджык не замінаў гледачам, а толькі аб’ядноўваў іх пад парасонамі.
Памятаючы пра вялікі подзвіг сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, удзельнікі Чэмпіянату ўрачыста ўсклалі вянкі да помніка Вызваліцелям Полацка. А пасля калона больш за 50 аўтамабіляў праехала па вуліцах горада. На месцы штурманаў пабывалі выхаванцы Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Полацкага раёна і Ветрынскай школы-інтэрната, якія ў той вечар атрымалі ад арганізатараў цудоўныя падарункі — новенькія ровары! А ўзначалілі калону полацкія байкеры з фрагментамі «Палатна Вызвалення», на якіх пазначаны месцы баявой славы і імёны герояў-вызваліцеляў Полаччыны.
Дрэтунскі палігон
Гонка стартавала раніцай 22 жніўня на палігоне «Дрэтунь». Арганізатары распрацавалі складаныя маршруты агульнай працягласцю амаль 500 кіламетраў. У першы дзень спартсмены спачатку пераадолелі «Пралог» — участак, які вызначыў стартавыя пазіцыі, — а затым зрабілі па два кругі запланаванай дыстанцыі.
Спаборніцтва з іспанскай назвай «Баха» (назва паходзіць ад аднайменнай мясцовасці ў паўднёвай частцы Каліфорніі — па адной з версій, менавіта там упершыню быў праведзены кароткі ралі-рэйд) праводзіцца звычайна на працягу 1-3 дзён. Паколькі гэта самы кароткі па часе від ралі-рэйдаў, працягласць маршруту Бахі складае не больш за 1200 км. Звычайна праводзіцца па дыстанцыі, замкнёнай у кола, але дыстанцыя спецучасткаў пры гэтым паўтараецца два ці тры разы.
Бітва за перамогу разгарнулася нежартоўная, і змаганне ўжо ў першы дзень ішло на секунды адставання ці перавагі. Не ўсе машыны здолелі прайсці трасу з-за атрыманых тэхнічных пашкоджанняў.
Другі дзень паўтараў два колы «баявой» дыстанцыі — толькі ў адваротным накірунку. Гонка была не меней насычанай, чым папярэдняя. Удзельнікі пераадольвалі самыя разнастайныя перашкоды: пясчанікі, яры, лясныя вузкія дарогі, штучныя пясчаныя міні-дзюны… І зноў не ўсе даехалі да фінішу, некаторыя экіпажы сутыкнуліся з сур’ёзнымі тэхнічнымі праблемамі.
У глядацкіх зонах
Для ўсіх, хто жадаў на свае вочы пабачыць сапраўднае ралі, былі арганізаваны дзве глядацкія зоны: «ПУР Дрэтунскага палігона» і «в.Збродавічы». З зоны назірання можна было пабачыць самыя цікавыя моманты гонкі — старт, фініш, участкі хуткаснай трасы, палявую дарогу — і апладысментамі і воклічамі падтрымліваць любімыя экіпажы.
Палачанін Арцём называе сябе «хворым» на аўтамабілі. Калі дазнаўся, што на нашай зямлі пройдзе ралі-рэйд, адразу сказаў сабе: «Еду!». «Заўсёды сачу за поспехамі нашых беларускіх каманд, і так здорава бачыць пілотаў і штурманаў, за якімі назіраю па ТБ!» — прызнаўся хлопец.
А Андрэй і Кацярына прыехалі на Чэмпіянат з Гомельшчыны: «Гэта наша вясельнае падарожжа!». Яны падзяліліся сваёй марай: самастойна сабраць ралійны джып і таксама прымаць удзел у такіх спаборніцтвах. Дарэчы, такая магчымасць ёсць у кожнага! Ды й прыкладаў сямейных экіпажаў, якія дасягаюць сур’ёзных поспехаў, таксама хапае.
Вынікі
Праз тры гадзіны пасля завяршэння апошняй гонкі на плошчы Свабоды ў Полацку адбыліся падвядзенне вынікаў і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. Назавем абсалютных лідараў прафесійнай гонкі: у абсалютным заліку 4 этапа Чэмпіяната Расіі перамог маскоўскі экіпаж Дзмітрыя Іеўлева і Аляксея Шапашнікава на прататыпе «Nissan Frontier»; у катэгорыі «T1 Абсалют» 2 этапа беларускага Чэмпіянату перамог легендарны прататып Bobby Williams (экіпаж — Іван і Святлана Кузьміны з Гродна). А ў класе грузавікоў абсалютную перамогу атрымаў экіпаж Сяргея Вязовіча, Паўла Гараніна і Андрэя Жыгуліна (аўтамабіль «МАЗ 5309 RR»).
На ўручэнні ўзнагарод усе ўдзельнікі сцвярджалі: траса была неверагодна цяжкай. Аднак гэта толькі дадавала цікавасці і напружанасці спаборніцтвам. Госці Полацка цудоўна адгукаліся пра наш горад, знайшоўшы яго вельмі гасцінным. «Мы б хацелі сустрэць тут сваю старасць!» — прызнаваліся ўдзельнікі не аднаго экіпажа!
…У Полацкага раёна ёсць усе шанцы стаць штогадовым месцам правядзення падобных ралі-рэйдаў — у гэтым зацікаўлены і арганізатары, і ўдзельнікі, якім дужа спадабалася на Полаччыне. Аўтамабільныя пачуцці ўжо сцішыліся, і цяпер можна смела сцвярджаць: Баха «Беларусь»-2014 атрымалася цікавай і відовішчнай, як для гледачоў, так і для ўдзельнікаў.
Партнёры:
— адміністрацыя Віцебскай вобласці;
— кампанія «G-Energy»;
— Знешэканомбанк;
— кампанія «Газпром Трансгаз Беларусь».
Ігар ПАЛЫНСКІ (тэкст і фота), Андрэй МАРЦЫНКЕВІЧ (фота).