Пра любоў да Радзімы можна гаварыць бясконца. А можна свае пачуцці выказаць у справах — адкрыць раней невядомыя старонкі гісторыі краю, увекавечыць памяць пра славутых землякоў, або проста ўпрыгожыць любы куточак зямлі, пасадзіўшы кветкі ці дрэвы. Менавіта так робіць адданы патрыёт, краязнаўца, светлай душы чалавек Віктар Раманавіч Карасёў. Нядаўна ён адзначыў 80-гадовы юбілей і выдаў чарговую, ужо дзясятую, кнігу «Край, аблашчаны вятрамі», прысвечаную гісторыі Ветрынскага краю. Яе прэзентацыя адбылася падчас творчай вечарыны аўтара, якая прайшла ў канферэнц-зале Музея беларускага кнігадрукавання.
У той дзень на імпрэзу сабраліся не толькі прыхільнікі гістарычных ведаў. Павіншаваць Віктара Раманавіча прыйшлі яго сябры і аднадумцы, якія неаднаразова далучаліся да ягоных ініцыятыў, аказаўшы дзейсную дапамогу ва ўстаноўцы памятных знакаў у гонар славутых землякоў, родныя, сябры, аднавяскоўцы.Кранальную гісторыю пра дзяцінства і першыя крокі ў самастойнае жыццё Віктара Раманавіча распавяла прысутным вядучая мерапрыемства, кіраўнік народнага клуба «Ветэран» Марыя Бабко. Менавіта тады, у далёкія 30-я гады мінулага стагоддзя, пачала фарміравацца асоба выдатнага чалавека, які ўжо восем дзясяткаў год годна крочыць па жыцці, пакідаючы на ёй добры след. Бясконцыя пошукі і шматлікія знаходкі цікавых фактаў, сотні кіламетраў пройдзеных і праеханых дарог, размовы і перапіска са сведкамі падзей і тымі, хто мог расказаць пра ўжо пайшоўшых у нябыт, гадзіны і дні, праведзеныя ў архівах… Усё гэта стала матэрыялам для напісання кніг, у якіх, як на далоні, адлюстравалася гісторыя родных мясцін.
Новая кніга змясціла не толькі ўнікальныя краязнаўчыя факты. У ёй — і аўтабіяграфічны нарыс, у якім аўтар вельмі шчыра распавядае пра свой жыццёвы шлях — ад маленства да сталасці, пра гады вучобы і працы, вайсковую службу і іншыя самыя значныя вехі жыцця.Дванаццаць мемарыяльных знакаў, шэсць мемарыяльных дошак у гонар землякоў, больш за 60 краязнаўчых артыкулаў, 10 кніг — ва усё гэта ён уклаў часцінку душы і сэрца, праявіўшы настойлівасць і здолеўшы аб’яднаць вакол сябе аднадумцаў.
Шмат добрых словаў удзячнасці і захаплення ў адрас Віктара Раманавіча выказалі прысутныя на мерапрыемстве — старшыня Ветрынскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксей Лупач, журналіст Вольга Гавяйновіч, кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне» Мікалай Балдоўскі, загадчыца Краязнаўчага музея Ірына Воднева, філолаг, былы выкладчык беларускай мовы і літаратуры Полацкага дзяржуніверсітэта Віктар Мятла і іншыя. Было ў той вечар шмат падарункаў і сюрпрызаў. У гонар юбіляра гучалі вершы і песні ў выкананні Галіны Ліфанавай, Ядзвігі Аўласенка, Васіля Граноўскага і творчага калектыву з вёскі Шпакоўшчына.
Пад акампанемент віртуознага баяніста Фёдара Гайко прысутныя разам спявалі знакамітыя «Рушнікі». Гісторыі гэтай вядомай і любімай многімі песні, якая доўгі час лічылася народнай, Віктар Карасёў таксама прысвяціў адзін з артыкулаў.«Край, аблашчаны вятрамі» — цудоўная назва, да якой абавязкова хочацца дадаць: «і бясконцай любоўю сыноў і дачок». Тых, хто шчыра працаваў на роднай зямлі, хто праслаўляў свой край на ўвесь свет, хто бараніў яго, не шкадуючы жыцця, падчас варожай навалы, хто будаваў дамы, гадаваў дзяцей, захоўваючы ў сэрцы павагу да роднай гісторыі.Дом на беразе возера, у якім жыве Віктар Раманавіч разам з жонкай Нінай Іванаўнай, з ранняй вясны да позняй восені патанае ў кветках. Гэтая, створаная працавітымі рукамі прыгажосць, — таксама падарунак роднаму краю — як святочны букет з тысяч рознакаляровых бутонаў. Гэта таксама заўважылі прысутныя на імпрэзе.…Гаварыць пра любоў да роднага краю можна бясконца. А можна свае пачуцці выказаць у добрых справах, як робіць гэта Віктар Раманавіч Карасёў, сапраўдны патрыёт любай Ветрыншчыны.