Консул Латвійскай Рэспублікі вызначыў вызначыў ролю Полацка ў міждзяржаўным супрацоўніцтве

Общество

Менавіта так вызначыў ролю Полацка ў міждзяржаўным супрацоўніцтве ў галіне культуры падчас размовы з прадстаўнікамі СМІ консул Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Угіс Скуя. Не выпадкова 2019 культурны год у нашым горадзе пачаўся з дзвюх выстаў, прысвечаных 100-годдзю абвяшчэння незалежнасці Латвіі, адкрыццё якіх стала магчымым дзякуючы падтрымцы і садзеянню Консульства Латвійскай Рэс­публікі ў Віцебску.

У Краязнаўчым музеі працуе выстава твораў сусветна вядомага латвійскага скульптара, дызайнера і медальера Яніса Струпуліса, у якой прадстаўлены 100 лепшых медалёў мастака з выявамі вядомых гістарычных дзеячаў і значных падзей у сусветнай гісторыі і культуры. У іх ліку — беларусы Францыск Скарына, Сімяон Полацкі, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Мялецій Сматрыцкі, Марк Шагал. Полацк стаў трэцім горадам у Беларусі, у якім медальернае мас­тацтва Латвіі прадстаўлена ў такім маштабе.


У дзень візіту консула ў Мастацкай галерэі адбылося адкрыццё яшчэ адной выставы, на якой прадстаўлены творы мастацкага тэкстылю і графікі вядомай мастачкі, прафесара, выкладчыка Латвійскай акадэміі мастацтваў Іевы Круміня пад агульнай назвай «Губляючы гравітацыю». Сапраўдныя шэдэўры, створаныя з воўны, лёну, шоўку, пластыку і іншых матэрыялаў, уражваюць вытанчанасцю выканання і глыбокай філасофіяй зместу.

Звяртаючыся да прысутных на адкрыцці выставы, Угіс Скуя звярнуў увагу, што склалася доб­рая традыцыя пачынаць выставачныя сезоны ў Беларусі менавіта з Полацка. І падзякаваў музейшчыкам і ўсім палачанам за высокі прафесіяналізм і гасцін­насць.

«Полацк — адзін з гарадоў, з якім мы найбольш актыўна наладжваем культурныя сувязі, сумесныя праекты. Тут нара­джаюцца неардынарныя, яскравыя ідэі, якія, спадзяюся, атрымаюць падтрымку на ўзроўні Еўрасаюза», — падкрэс­ліў Угіс Скуя.

Куратар выставы, мастацтвазнаўца Міхаіл Цыбульскі падкрэсліў, што з творамі Іевы Круміня жыхары Мінска пазнаёмяцца пазней, а пакуль што асалоду ад высокага мастацтва атрымліваюць палачане. Гэта не выпадкова. Полацк ідзе ў авангардзе многіх культурніцкіх накірункаў, і мастакі з задавальненнем прадстаўляюць сваю творчасць менавіта тут.

«Іева з усмешкай называе сваё мастацтва сметніцкім. Многія яе творы выраблены са звычайных пакетаў для смецця», — зазначыў Міхаіл Цыбульскі. Але, нават пры самым блізкім знаёмстве, вельмі цяжка здагадацца, з чаго зроблены вытанчаныя, амаль бязважкія пано.
Імкліва развіваюцца тэхналогіі, мяняюцца падыходы да мастацкага самавыяўлення творцаў. Гэтыя працэсы адбываюцца паўсюдна. І вельмі радасна, што для мовы мастац­тва не існуе межаў. Яна зразумелая ўсім, не патрабуючы перакладу.