Кіпіць праца на палях сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна. План сяўбы яравых зерневых і зернебабовых (на плошчы амаль 5,5 тысячы га з улікам перасявання) выкананы на 102,6%. Справіліся аграрыі і з сяўбой яравога рапсу: гэта культура заняла амаль 1500 га. Цяпер надышоў час сяўбы кукурузы.
Менавіта царыцу палёў у чацвер на мінулым тыдні ва ўрочышчы Кулакова плошчай 13 га сеяў механізатар філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» Мікалай Стрыёнак.
Працу хлебароба кантралявала галоўны аграном філіяла Святлана Русінская. Гэты спецыяліст не навічок у прафесіі, а вось новую пасаду жанчына заняла нядаўна. Але спраўляецца. Назапашаныя веды падчас вучобы ў тэхнікуме і вышэйшай установе, падмацаваныя шматгадовай практыкай на пасадзе агранома, дапамагаюць вырашаць пастаўленыя задачы.
— Вялікай падмогай для нас стала новая тэхніка, — з задавальненнем адзначыла Святлана Анатольеўна. — Нашым інвестарам — РУП «Віцебскэнерга» — сёлета набыты адзін трактар МТЗ-82, два —
МТЗ-1221, два МАЗы грузапад’ёмнасцю 20 тон, 12-тонны і 18-тонны прычэпы, 12-мятровая сеялка, два глебаапрацоўчых агрэгаты, два гноераскідальнікі. Дзякуючы зладжанай працы з інжынернай службай, а галоўны інжынер у нас Міхаіл Курыленка — выдатны спецыяліст, мы добра падсілкавалі і апрацавалі глебу. Справіліся з сяўбой яравых зерневых і зернебабовых, рапсу ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. Аказалі дапамогу з сяўбой зерневых і зернебабовых на плошчы амаль 400 га дзвюм гаспадаркам раёна — ААТ «Новыя Гараны» і э/б «Ветрынская».
Ва ўрочышчы Кулакова сеялі яравую кукурузу для кароў, якія ўтрымліваюцца на малочнатаварнай ферме «Казьянкі». А ўсяго яна будзе пасеяна на плошчы 150 га. На гэты высокаэнергетычны корм у галоўнага агранома вялікія надзеі. Спецыяліст расказала, як падсілкоўвалася глеба. З разлікам на адзін га ўносілася 70 тонн арганічных угнаенняў, 35 кг фосфару, 120 кг калія. «Без падсілкоўвання ніводная культура не дасць добры ўраджай, — выразіла ўпэўненасць Святлана Русінская. — Ну і, канешне, вялікую ролю грае і граматная апрацоўка палёў. Тут ужо надзея на прафесіяналізм нашых механізатараў. Такіх, як Мікалай Стрыёнак!»
Паралельна з сяўбой кукурузы працаўнікі філіяла займаюцца агароднінай. На плошчы 15 га пасеяна морква, столькі ж зямлі адвялі пад буракі. На 45 га ўжо пасадзілі бульбу. Пад другі хлеб сартоў Мадэйра, Бяльмонда, Лілі сёлета, як і ў былыя гады, адведзена 60 га. Падрастае расада капусты. На бягучым тыдні пачнецца яе пасадка на плошчы 19 га.
Мікалай Стрыёнак прабываў у пазітыўным настроі. Праца прыносіла яму задавальненне з-за некалькіх прычын: надвор’е стаяла цёплае, глеба да сяўбы добра падрыхтаваная, насенне кукурузы — высокай якасці. Не падводзіла і тэхніка. З 4-мятровай сеялкай Мікалай Сяргеевіч паспявае за дзень засеяць плошчу 28 га.