Капуста, збожжавыя і зернебабовыя: як справы ў філіяле «Вясна-энерга»?

Главное Экономика

Мы пабывалі ў царстве зеляніны: у цяпліцах філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» побач з таматамі ўпэўнена набірае сілу расада капусты. Зусім хутка крохкія саджанцы «пераедуць» у цяпліцу пад плёнкай на загартоўку, а потым — дзесьці 5 мая — іх пачнуць высаджваць у адкрыты грунт.

Галоўны аграном гаспадаркі Ганна Грышкевіч расказала, што капуста — ці не любімая агародніна жыхароў полацкага рэгіёну. Карыстаюцца попытам у пакупнікоў і больш раннія яе сарты, і познія, якія ідуць на квашанне і захоўванне. Расады, якую высадзілі ў цяпліцы філіяла, хопіць на плошчу 20 гектараў. Ганна Генрыхаўна прызналася, што да сваіх зялёных гадаванцаў яна прыходзіць штодзень: капуста патрабуе далікатнага догляду, можа пакапрызнічаць. Пры яе вырошчванні трэба захоўваць тэмпературны рэжым, весці барацьбу са шкоднікамі, уважліва сачыць за развіццём кожнага саджанца. Агульнымі намаганнямі галоўнага агранома і цяплічніц расада ранняга сорту «Кевін» і позняга «Зенон» вырасла добрая.

Ганне Грышкевіч вельмі падабаецца працэс вырошчвання агародніны. З маленькага зярнятка вырастае расліна, а з яе (ці не дзіва?) — круглы тугі качан. Назіранне за ростам капусты і час збору ўраджаю прыносяць галоўнаму аграному задавальненне. «Калі прывозяць горы капусты ўвосень у агародніна­сховішча, адольвае гонар за зробленую працу!» — шчыра гаварыла маладая жанчына.

Яна працуе ў філіяле «Вясна-энерга» дванаццаты год, з іх сёмы — галоўным аграномам. Прывыкла да калектыву, прыкіпела да сваёй адказнай справы. Цяжкасці, якія ўзнікаюць у рабоце, вырашае сумесна з дырэктарам філіяла Андрэем Нікіфаравым, яго намеснікам Мікалаем Каралёвым і больш вопытнымі калегамі. Сваю прафесію аграном выбірала сэрцам. Да працэсу вырошчвання раслін ставіцца з веданнем справы. Прыехала працаваць пасля заканчэння Беларускай сельгасакадэміі на Полаччыну, таму што зайшла замуж за палачаніна. Пазней атрымала другую вышэйшую адукацыю: скончыла Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. Зараз атрыманыя тэарэтычныя веды падмацоўвае практыкай у цяпліцах і на палетках філіяла.

У ПЛАНАВЫМ РЭЖЫМЕ

Пакуль падрастае расада капусты, Ганна Генрыхаўна займаецца сяўбой збожжавых і зернебабовых. У іх філіяле, нягледзячы на не зусім спрыяльнае надвор’е, пасяўная праходзіць у планавым рэжыме. Працоўны настрой калектыву механізатараў і вадзіцеляў надаў малебен, які сёлета прайшоў на адным з палёў іх філіяла. Прыезд у гаспадарку ў пачатку пасяўной старшыні Полацкага райвыканкама Мікалая Шаўчука і кіраўнікоў усіх сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна аграрыі філіяла «Вясна-энерга» ўспрынялі як высокую адзнаку іх папярэдняй працы і спадзяванне на добры вынік у будучым.

Сёлета «вясноўцам» належыць пасадзіць больш, чым звычайна, кукурузы — на плошчы 500 гектараў. Паколькі ў Заскарках уводзіцца жывёлагадоўчы комплекс — трэба жывёле больш кармоў. Агародніна будзе высаджана на плошчы 50 гектараў адкрытага грунту, бульба зойме 60 гектараў, зерневы клін — 500 гектараў, пад яравы рапс адведзена плошча 150 гектараў.

Пасяўную пачалі з аўсоў, потым сеялі ячмень, зернебабовыя. «Авёс і зернебабовыя ўжо пасеялі поўнасцю, — расказвала Ганна Грышкевіч, — заўтра пачынаем сяўбу крыжакветкавых». Агранома засмучае, што за зіму прапаў азімы рапс, і цяпер трэба перасяваць гэтыя плошчы яравым рапсам, ячменем, збожжавымі. Усяго на пасяўной задзейнічаны 27 адзінак тэхнікі.

Да 1 мая ў філіяле скончыцца сяўба рапсу, потым хлебаробы возьмуцца за кукурузу, бульбу, агародніну…

Ганна Грышкевіч адзначыла, што паспяховай працы ў полі са­дзейнічае зладжаная праца ўсіх работнікаў: калі што здараецца з тэхнікай — намеснік дырэктара філіяла Мікалай Каралёў і галоўны інжынер Мікалай Грышчанка тэрмінова вырашаюць тэхнічныя пытанні. Дырэктар філіяла Андрэй Нікіфараў таксама заўсёды ў курсе ўсіх праблем. Адказна ставяцца да працы заатэхнікі, аграномы. Механізатары — майстры сваёй справы. Сярод іх лідыруе Алег Перцаў — вопытны, адказны работнік. У той дзень, калі мы наведвалі гаспадарку, ён працаваў ва ўрочышчы Казьянкі, сеяў элітны ячмень сорту «Бацька». Гэтаму кармавому сорту, які добра падыходзіць для прыгатавання камбікорму, у «Вясне-энерга» аддаюць перавагу ўжо не першы год. Насенне першай рэпрадукцыі ў філіяле сваё, а вось эліту куплялі ў ААТ «Кушлікі».

Праца ў полі пачынаецца з 7 гадзін раніцы і працягваецца, пакуль не сцямнее. Сёлета ўпершыню інвестар філіяла — РУП «Віцебскэнерга» — забяспечыў бясплатнае харчаванне работнікаў, занятых на пасяўной.

Ва ўрочышчы Меліярацыя механізатар Аляксандр Ласкуноў на трактары «МТЗ 30-22» з сеялкай «Lenken» сеяў ячмень сорту «Бацька» першай рэпрадукцыі. Расказаў, што настрой у яго — добры. Глеба на гэтым полі плошчай 105 гектараў не зусім прасохла, але сеяць трэба. Трактар працуе спраўна, таму што ў іх гаспадарцы своечасова праводзіцца тэхнічнае абслугоўванне.

У пары з Аляксандрам Ласкуновым працаваў Валерый Скідзевіч. Гэты механізатар прыязджае ў «Вясну-энерга» ўжо чацвёрты год запар па накіраванні прадпрыемства «Віцебскія электрасеткі». Яго задача на полі — своечасова падвезці насенне і загрузіць. Валерый Віктаравіч расказаў, што сам  ён — хлопец  вясковы, жыве ў в.Дразды Бешанковіцкага раёна. Працуе ў Бешанковічах, у філіяле электрасетак. У Полацкі раён на дапамогу сяльчанам заўсёды едзе з добрым настроем: тут яму прадастаўляюць добры інтэрнат, забяспечваюць харчаваннем, тэхніка працуе спраўна. Ды й зарабіць грошай можна, калі старацца працаваць!

Усяго ў філіяле «Вясна-энерга» на сёлетняй пасяўной заняты тры работнікі з Наваполацкай і Полацкай ЦЭЦ. І іх усё задавальняе, бо  праца ў гэтай сельгасарганізацыі арганізавана  на высокім узроўні.

Аліна БАЛЬШАКОВА (тэкст і фота).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *