Калі Полацк натхняе… У мастацкай галерэі працуе фотовыстава «Дзе абняліся Дзвіна з Палатою…»

Культура

Аб прыгажосці старажытнага горада над Дзвіной можна гаварыць бясконца. Кожная вулачка тут дыхае гісторыяй, адгукаецца рэхам сівой даўніны. Розныя эпохі пакінулі свой след: тут і сталінскі ампір, віленскае барока, і класіцызім… Полацк натхняе многіх на творчасць і стварэнне шэдэўраў.

Фота Надзеі КАЛУЖОНАК.

У Полацкай мастацкай галерэі да 1060-годдзя горада распачалі праект «Полацк у творах сучасных мастакоў». На выставе былі прадстаўлены работы мастакоў, якія наведалі наш горад і занатавалі ўражанні аб ім у сваіх работах. Ідэя настолькі спадабалася аматарам жывапісу, што супрацоўнікамі галерэі было прынята рашэнне прадоўжыць экспазіцыі, прысвечаныя старажытнаму гораду. Так, у сярэдзіне ліпеня там адкрылася першая фотавыстава вядучага навуковага супрацоўніка Музея беларускага кнігадрукавання Веры Яўгенаўны Ашуевай «Дзе абняліся Дзвіна з Палатою…».

У экспазіцыі прадстаўлена серыя работ, прысвечаная Софійскаму сабору. Восеньскія фарбы, зімовыя ўзоры, світанак, туманная раніца… На кожным фотаздымку Сафія выглядае па-рознаму. Складана паверыць, што шматгранную гаму фарбаў аўтарка змагла перадаць пры дапамозе звычайнага аматарскага фотаапарата.

Фота Надзеі КАЛУЖОНАК.

 — Любоў да фатаграфіі і жаданне дарыць станоўчыя эмоцыі людзям паказвае ўсю тонкасць і лірызм душы фатографа. Яе работы напоўнены пачуццямі, эмоцыямі, якія зразумелыя любому гледачу, — расказвае Дар’я Малчанава, старшы навуковы супрацоўнік Мастацкай галерэі.

Фатаграфіяй Вера Яўгенаўна пачала займацца ў 2014 годзе. Большая частка работ створана ў Полацку, які даўно стаў родным для аўтара. Натхненне яна чэрпае ў прыродзе, у вулачках Полацка, у аб’ектах архітэктуры. Асноўныя матывы — Сафія, Заходняя Дзвіна і Палата, прыродныя з’явы, поры года, кветкі.

Фота Веры Ашуевай.
Вера Яўгенаўна Ашуева нарадзілася ў в. Валосавічы Лепельскага раёна. Аднак усё дзяцінства прайшло на маляўнічых берагах возера Нешчарда. Закончыла Гарбачэўскую сярэднюю школу, затым філалагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, два гады адпрацавала ў Наваполацкім ліцэі пры Полацкім дзяржуніверсітэце. 
А з 2000 года Вера Ашуева працуе ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку старшым, а потым вядучым навуковым супрацоўнікам Музея беларускага кнігадрукавання. 
Фота Веры Ашуевай.

Працы ўражваюць, прымушаюць спыніцца і задумацца. Выдатныя фотаздымкі Сафіі, як жыццё кожнага чалавека, насычаны рознымі фарбамі.

Добрым дадаткам да фотавыставы стаў відэашэраг работ аўтара, на якім адлюстравана прыгажосць горада ў розныя поры года.

Фота Веры Ашуевай.

Паспейце атрымаць асалоду ад сустрэчы з цудоўным. Выстава працуе да 30 верасня.