Калектыў філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі КХП» сёлета пацвердзіў майстэрства па многіх паказчыках. Па выніках раённага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый, камбайнераў і вадзіцеляў транспартных сродкаў за дасягненне лепшых вынікаў ва ўборцы зерневых, зернебабовых і алейных культур у 2020 годзе ў першай групе гаспадарак (якія ўваходзяць у інтэграцыйную структуру ААТ «Полацкі малочны камбінат») выйшаў пераможцам у некалькіх намінацыях. Пра паспяховы 2020 год мы вялі гутарку з дырэктарам філіяла Аляксандрам Калтуновым.
Ваш філіял дасягнуў высокіх паказчыкаў у вытворчасці зерневых і зернебабовых, а таксама алейных культур. У чым сакрэт поспеху?
— На самой справе сёлета нашы залатыя палі выглядалі вельмі годна: з плошчы 1385 гектараў мы сабралі 7075 тон зерня. У параўнанні з мінулым годам — на 1200 больш. Такі вынік атрыманы намаганнямі спецыялістаў і механізатараў. Добра працуе наша агранамічная служба: улічвае сучасныя падыходы да выбару насеннага матэрыялу, выкарыстоўвае мікра- і макраўгнаенні. Спецыялісты ўвесь час спрабуюць нешта новае, і ёсць вынік. У гэтым годзе ўраджайнасць рапсу дасягала 50 цэнтнераў з гектара. Аддача азімай пшаніцы была пад 100 цэнтнераў. Калі перавесці на агульную плошчу, у сярэднім выйшла 56,7 цэнтнера. Сёлета была аднолькавая ўраджайнасць азімай і яравой пшаніцы — 56,7 цэнтнера з гектара.
Зараз паўсюль распаўсюджваецца думка, што ў вырошчванні сельскагаспадарчых культур павінны захоўвацца тэхналогіі.
— Безумоўна, сучасныя тэхналогіі граюць ролю, але яны — нішто без людзей, якія іх засвойваюць, без вопыта і майстэрства аграномаў і механізатараў.
Пераможцамі выйшлі і пяць гаранскіх экіпажаў камбайнераў.
— У нас працавалі на жніве 5 экіпажаў, і ўсе яны сталі тысячнікамі. Плошчы, занятай зерневымі, 1385 гектараў, усім хапіла. Акрамя гэтага нашы механізатары дапамагалі ўбіраць ураджай іншым гаспадаркам. Тое, што намалацілі, пайшло ім у залік. Зноў у нас быў экіпаж двухтысячнік у складзе Сяргея Гарбаценкі і Ігара Данілкіна. Разам з рапсам яны намалацілі 3 тысячы.
Кожны тысячны намалот урачыста адзначаўся ў полі. На Вашу думку, такія «хвіліны славы» ў час гарачай пары жніва павінны мець месца?
— Канешне. Людзі на полі з ранку да вечара. Добрае слова, памятныя падарункі ўзнімаюць настрой камбайнерам, яны імкнуцца працаваць яшчэ лепш.
Філіял «Гараны-Агра» першы і на нарыхтоўцы травяных кармоў.
— У нас вялікі комплекс па вырошчванні быкоў, нам патрэбныя якасныя кармы. Таму імкнемся скарыстаць надвор’е, своечасова рамантуем тэхніку, стараемся ўбіраць травы ў аптымальныя тэрміны. Сёлета вал зялёнай масы склаў 60 тысяч тон.
Сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў лідзіруе Дзмітрый Капыценка.
— Вельмі адказны працаўнік, прафесіянал. Адзначу таксама Радзіка Туманава, які добрасумленна ўносіў сродкі аховы раслін, і Міхаіла Быліну, які на ўзворванні зябліва паказаў добрыя вынікі.
У вытворчасці малака, мяса, у аднаўленні осноўнага статка Ваш філіял таксама лідар.
— На ўсіх участках у нас працуюць адказныя людзі. Многія маюць шматгадовы вопыт. Прыемна, што на перадавікоў старэйшага ўзросту раўняецца моладзь.
Як будзеце ўшаноўваць пераможцаў ва ўмовах складанай эпідэмічнай абстаноўкі?
— З выездам на працоўнае месца, з захаваннем санітарнай дысцыпліны. Знойдзем час, каб павіншаваць людзей і сказаць ім вялікі дзякуй.