Правядзенне Дня беларускага пісьменства ў Рагачове — падарунак мясцовым жыхарам, які застанецца з імі на доўгія гады. Такое меркаванне выказала журналістам віцэ-прэм’ер Наталля Качанава, якая 4 верасня прымала ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Наталля Качанава адзначыла, што ў час падрыхтоўкі да свята райцэнтр змяніўся да непазнавальнасці, тут абноўлены важныя сацыяльныя і культурныя аб’екты. Яна падкрэсліла, што дзякуючы ініцыятывам старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка, а таксама намаганням старшыні райвыканкама Сяргея Дзенісенкі і мясцовым жыхарам выкананы вялікі аб’ём работ. «Свята завершыцца, а горад застанецца на доўгія гады такім чыстым, прыгожым. Вядома, пасля свята толькі ад намаганняў і старанняў мясцовых жыхароў будзе залежаць, як будзе захавана гэта ўтульнасць, усё ў іх руках», — дадала віцэ-прэм’ер. Паводле яе слоў, адразу пасля завяршэння свята ў Рагачове арганізатары зоймуцца падрыхтоўкай наступнага Дня беларускага пісьменства, які пройдзе на радзіме Францыска Скарыны ў старажытным Полацку. 4 верасня ў час урачыстага адкрыцця Наталля Качанава па добрай традыцыі, што з’явілася ў бягучым годзе, перадала ў дар Рагачову кнігу пра Полацк — свой родны горад. У Дні беларускага пісьменства прымалі ўдзел прадстаўнікі дыпмісій, акрэдытаваных у Беларусі, дэлегацыі беларускіх дыяспар з 19 краін блізкага і далёкага замежжа, пісьменнікі і літаратары Беларусі і іншых краін. Святочная праграма налічвала каля 100 мерапрыемстваў. У горадзе працавалі тэматычныя павільёны і выстаўкі, прысвечаныя 75-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, 95-годдзю з дня нараджэння Івана Мележа, 120-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Нацыянальная бібліятэка Беларусі знаёміць гасцей з экспазіцыяй «500 гадоў беларускага кнігадрукавання», у цэнтры якой унікальныя прыклады беларускага кнігадрукавання XVII-XX стагоддзяў. Адбыліся фестываль кнігі і прэсы. Дзень беларускага пісьменства — нацыянальнае свята, якое адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня.