Экіпаж камбайнераў філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» у складзе старшага камбайнера Сяргея Гарбаценкі і камбайнера Ігара Данілкіна ў сераду на бягучым тыдні дасягнуў двухтысячнага намалоту! Гэтая значная і прыемная навіна парадавала кіраўніцтва Полацкага райвыканкама, інтэграванага прадпрыемства ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», філіяла і саміх хлебаробаў.
Другі год запар бацька з сынам працуюць на камбайне «NEW HOLLAND» і другі сезон уборачную кампанію завяршаюць у статусе адзіных у Полацкім раёне двухтысячнікаў. На палях Полацкага раёна ўбіраюць хлеб тры камбайны маркі «NEW HOLLAND». Але лепшыя вынікі ў працы паказваюць камбайнеры з Гаран: спачатку яны 4 жніўня першымі намалацілі тысячу тон залатога збожжа, і вось цяпер — праз адзінаццаць дзён — удвоілі працоўны вынік.
Старшыня Полацкага райвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Шаўчук, віншуючы перадавікоў жніва-2018, выказваў ім шчырую ўдзячнасць: «Нізкі зямны паклон вам за цяжкую, але высакародную працу, за тое, што аддана працуеце на роднай зямлі: сяўба, догляд за пасевамі і ўборка ўраджаю — усё вам па плячы! І галоўнае — працуеце вынікова і якасна!». Начальнік упраўлення райсельгасхарчу Полацкага райвыканкама Мікалай Баратынскі ўручыў перадавікам Ганаровыя граматы ўпраўлення і адзначыў, што гэтыя ўзнагароды — вельмі каштоўныя, імі заахвочваюць самых лепшых працаўнікоў з галіны сельскай гаспадаркі Полацкага раёна. З цеплынёй і пашанай віншавалі двухтысячнікаў дырэктар ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Васіль Хамёнак і вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце гэтага прадпрыемства Анжаліна Танкавід. Шчырыя, узнёслыя словы віншаванняў таксама прагучалі і ад дырэктара філіяла «Гараны-Агра» Аляксандра Калтунова, галоўнага агранома гаспадаркі Тамары Макаравай.
Некалькі хвілін увагі з боку прыехаўшых на поле гасцей хлебаробы ўспрынялі з вялікай удзячнасцю. Добразычлівая атмасфера ўзняла іх маральны дух, памятныя падарункі будуць нагадваць пра прыемныя хвіліны жніўнай пары 2018 года. «Кожная ўраджайная пара — па-свойму асаблівая, уборка хлеба заўсёды падсілковае энергіяй, а працоўныя поспехі хочацца прымнажаць і паляпшаць!» — падзяліўся пазітыўным настроем вопытны механізатар, тутэйшы жыхар, адзін з лепшых працаўнікоў філіяла «Гараны-Агра» Сяргей Гарбаценка. «Нам пашчасціла, што кіраўніцтва гаспадаркі ў мінулым годзе даверыла новы камбайн менавіта нам. Мы імкнемся апраўдаць давер!» — адзначыў Ігар Данілкін.
На пытанне, ці прыемна быць лепшымі, першымі, камбайнеры ў адказ толькі паціснулі плячыма: яны не імкнуцца да перамог, штодзень працуюць, як дазваляе сумленне.