Як святкавалі работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Полаччыны сваё прафесійнае свята

Общество

Заўзята і дружна святкавалі работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Полаччыны сваё прафесійнае свята. Галоўная ўрачыстасць ладзілася ў Гарадскім Палацы культуры, дзе прыўзняты настрой панаваў адразу з парога.

Прафесійнае свята
Павіншаваць аграрыяў сабраліся прадстаўнікі раённай улады, ветэраны працы і шматлікія госці. Адкрылася ўрачыстасць уручэннем намесніку старшыні Полацкага райвыканкама, начальніку ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мікалаю Баратынскаму каравая новага ўра­джаю — сімвала завяршэння сельскагаспадарчага года і дабрабыту.


— За кожным значным паказчыкам, у кожным румяным караваі — часцінка нялёгкай працы сельскіх працаўнікоў і работнікаў перапрацоўчых прадпрыемстваў Полацкага раёна, іх стараннасць, упартасць і талент, — падкрэсліў у прывітальным слове ад імя кіраўніцтва раёна Мікалай Мікалаевіч, падводзячы вынік працы сельскагаспадарчай галіны. Полацкі раён — адзін з лідараў вобласці па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.


Асаблівым момантам свята стала цырымонія ўзнагароджання лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі і пера­працоўчай прамысловасці. Дзясяткі імёнаў у спісе самых адказных і добрасумленных работнікаў. Сярод іх камбайнёры-тысячнікі, вадзіцелі, механізатары, жывёлаводы, аператары машыннага даення, кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак. Дыпломы, граматы, падзячныя лісты Міністэрства сельскай гаспадаркі, Віцебскага абласнога ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, Полацкага райвыканкама, Полацкага раённага Савета дэпутатаў, дыпломы і падарункі Раённага аб’яднання прафсаюзаў, аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, РК ГА «БРСМ» уручаны лепшым працаўнікам.

Смачны прыпынак
Асноўным мерапрыемствам напачатку свята стала выніковая прэзентацыя праекта Полацкага раённага Цэнтра культуры «Смачнае падарожжа Надзейкі». На адной пляцоўцы ў інтэрактыўнай форме былі прадстаўлены ўдзельнікі ўсіх васьмі серый праекта, які сёлета стаў яркай з’явай у культурным жыцці Полацкага раёна. Адмысловыя прысмакі, цікавая падача страў, арыгінальныя выступленні — невыпадкова ўнікальная спадчына нашых продкаў захавала свой каларыт.


Арганізатары праекта падрыхтавалі прэзентацыю кулінарнага зборніка аўтэнтычных страў нацыянальнай кухні «Смачнае падарожжа Надзейкі», выставу-дэгустацыю. Чаго толькі не прапаноўвалі гаспадыні: цыбрыкі, лададу, завозерскую сялянку, румяныя блінкі, сырніцу — усяго не пералічыш! Сваім май­стэрствам і талентам падзяліліся творчыя калектывы і асобныя жыхары Полацкага раёна. Пад музыку і спевы таксама адбылося і адкрыццё «Школы аўтэнтычных рэцэптаў».


Свята ўразіла, падсілкавала, павесяліла. Малайцы! Шчыры дзякуй за садзейнічанне ў рэалізацыі выніковага мерапрыемства аддзелу гандлю і паслуг райвыканкама, ААТ «Полацк-гандаль», ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў», УП «Полацкі малочны камбінат», філіялам «Полацкі хлебазавод» ААТ «Віцебскхлебпрам», «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга», ПГУП «Банкет Люкс» і іншым.

Работнікаў хлебнай нівы, ветэранаў аграпрамысловага комплексу, гасцей свята калектывы мастацкай самадзейнасці полацкага рэгіёну ад усёй душы віталі песнямі, танцамі, музычнымі нумарамі. Той непаўторны запал добрага настрою, які артысты так душэўна дарылі працаўнікам сяла, бясспрэчна, станоўча адгукнецца на выніках іх працы. А значыць, будуць новыя вытворчыя дасягненні!