Чарніцы — ягады вельмі карысныя і смачныя. Іх можна есці проста так ці з малаком, прыгатаваць з імі пірагі ці варэнікі, зварыць варэнне ці кампот… А яшчэ ў шчодрую на чарніцы летнюю пару можна зладзіць вясёлае свята, прысвечанае чарніцам. Да таго ж, як аказалася, дзякуючы гэтым лясным ягадкам адбываюцца сапраўдныя цуды.
Як інакш патлумачыць такую акалічнасць: у мінулую суботу паўсюль ішоў моцны лівень, а над базай адпачынку ААТ «Полацкбыт», якая размешчана на маляўнічым беразе возера Суя, і дзе ладзіўся традыцыйны экафэст «Чарнічны team building-2018», не выпала ні кроплі ападкаў?
Пазітыўная энергетыка ўдзельнікаў экафэсту разагнала навальнічныя аблокі, і нішто не перашкодзіла яскраваму вясёламу святу, прысвечанаму ягадзе, якой сёлета багата ў полацкіх лясах. «Чарнічны марафон» і «Чарнічны стоп-кадр», «Чарнічны карнавал» і «Чарнічнае пано», «Чарнічны бодзі-арт» і чарнічныя прысмакі… Кожны з удзельнікаў мог праявіць не толькі спрыт у зборы чарніц, але і прадэманстраваць талент у любым з конкурсаў і атрымаць заслужаную ўзнагароду і падарунак, а яшчэ — выдатна адпачыць на прыродзе, сабраўшы для сябе і сваіх блізкіх кошык смачных і карысных ягад.
Апоўдні на турбазу з розных куткоў раёна пачалі з’язджацца ўдзельнікі фэсту. Крыху стомленыя, але вельмі задаволеныя, з кошыкамі і вядзёркамі чарніц, яны з усмешкамі дэманстравалі «чарнічныя» далоні і рыхтаваліся да конкурсаў, заяўленых арганізатарамі. Трэба сказаць, падрыхтаваліся ўсе выдатна: тэматычныя касцюмы, сцэнарыі прэзентацый, вершы і песні, а галоўнае — творчы настрой, дзякуючы якому ўсё задуманае атрымлівалася
найлепшым чынам.
З самай раніцы каманды, якіх брала ўдзел у экафэсце больш за 70, шчыравалі ў лесе, напаўняючы кошыкі чарніцамі. Хто набраў больш за ўсіх? Вызначаць гэта арганізатары фэсту не планавалі. Але некаторыя лічбы мы ўсё ж такі назавем. На рахунку каманды КУП «ЖКГ г.Полацка» 30 кілаграмаў, а каманда ляснога каледжа набрала 55! У склад зборнай упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама ўваходзілі 24 каманды ўстаноў адукацыі агульнай колькасцю 90 чалавек, і разам яны сабралі больш за 190 кілаграмаў чарніц, амаль два цэнтнеры!
Удзельнікі экафэсту стваралі з дапамогай чарніц і разнастайнага прыроднага матэрыялу сапраўдныя мастацкія шэдэўры.
У конкурсе пано бралі ўдзел 8 каманд. Задача ў іх была не з лёгкіх — адлюстраваць тэмы чарнічнага экафэсту і малой радзімы. Творчасці і фантазіі тут, сапраўды, не было межаў. А ў выніку пераможцай стала каманда Полацкага малочнага камбіната, на другім месцы — каманда ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Полацкага райвыканкама, на трэцім — ААТ «Полацк-гандаль», якая падарыла прысутным чарнічнае сэрца.
Абсалютным пераможцам экафэсту «Чарнічны Team building-2018», атрымаўшы найбольшую колькасць дыпломаў у розных намінацыях, стала каманда Полацкага малочнага камбіната. Перамога гэтая не стала выпадковай. На прадпрыемстве створана арт-група, якая прапануе і рэалізуе крэатыўныя ідэі. І гэта дазваляе не толькі перамагаць у конкурсах, але і працуе на імідж прадпрыемства.
Прэзентацыя каманд пераўтварылася ў сапраўднае шоу. Песні, вершы, танцы, касцюмы… На імправізаваную сцэну выходзілі і прадстаўнікі калектываў, і гледачы, якія з задавальненнем уключаліся ў вясёлую дзею.
Аматарскае аб’яднанне «Фітатэрапія» Полацкай РЦБС падрыхтавала да фэсту не толькі карысную інфармацыю, але і смачныя пачастункі. Удзельніца аб’яднання Майя Куксёнак частавала гасцей крэатыўнымі апетытнымі бутэрбродамі са свежым чарнічным і сунічным варэннем.
Пра непераўзыйдзеныя якасці чарніц вядома шмат, але больш за ўсіх пра іх лекавыя ўласцівасці дасведчаны медыцынскія работнікі. Валеолагі Вольга Верашчак і Святлана Макарава, фельчар Аксана Бялкоўская і медсястра Вольга Астапава гатовыя былі не толькі падзяліцца інфармацыяй, даць карысныя парады, але і прапаноўвалі пачаставацца духмянай травяной гарбатай.
Гледачы заўзята падтрымлівалі ўдзельнікаў разнастайных чарнічных выпрабаванняў апладысментамі, спявалі разам песні і ўключаліся ў вясёлую дзею, радаваліся перамогам не толькі сваіх каманд, але і каманд-саперніц. Узнагароджванне ўдзельнікаў таксама пераўтварылася ў свята, бо ў выніку перамаглі творчасць і выдатны настрой.
Адным з выпрабаванняў для ўдзельнікаў каманд стала выкананне песень, якія пачынаюцца з літар, што складаюць слова «Черника». Спявалі і сольна, і хорам, і нават разам з гледачамі і прадстаўнікамі каманд-саперніц. І гэты творчы момант таксама падарыў шмат выдатных эмоцый.
Крэатыўным падыходам да выканання ўмоў задання вылучыліся таксама ўдзельнікі конкурсу «Чарнічны бодзі-арт». З дапамогай фарбаў і пэндзляў былі створаны непаўторныя мастацкія вобразы. Дарэчы, кожны з іх аказаўся ўнікальным. Фантазійныя роспісы, выявы не толькі чарніц, але і славутасцяў Полаччыны, якія адлюстравалі самадзейныя мастакі, таксама атрымалі падтрымку ўдзельнікаў і, вядома, былі адзначаны падарункамі. Пераможцамі сталі прадстаўнікі Полацкага малочнага камбіната, на II месцы — хіміка-тэхналагічны каледж, на III — упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а прыз глядацкіх сімпатый уручаны камандзе ўпраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама.
Удзельнікі каманд і госці свята, дзеці і дарослыя — усе, хто далучыўся да экафэсту «Чарнічны Team building-2018», атрымалі ў падарунак выдатны настрой, зарад бадзёрасці і здароўя, і ўсё гэта дзякуючы чарніцам.