Імя Карпа Фядотавіча Гатоўскага засталося ў гісторыі Полацка

Год исторической памяти праект "Бацькаўшчына"

У пастаяннай экспазіцыі Края­знаўчага музея знахо­дзяцца асабістыя рэчы Карпа Фядотавіча Гатоўскага. Яшчэ ў 1970-я гады навуковым супрацоўнікам была перададзена калекцыя дакументаў, фотаздымкаў і прадметаў ваеннага абмундзіравання ўдзельніка Першай сусветнай, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Сёлета споўнілася 130 год з дня нараджэння нашага земляка.

Фота з архіва ўстановы.

…Вёска Залюбежжа Полацкага павета. У 1892 годзе ў сялянскай сям’і нарадзіўся хлопчык, які і не марыў, што вырасце і стане кавалерам 2 георгіеўскіх крыжоў, 3 ордэнаў Чырвонага Сцяга і шматлікіх медалёў. Па натуры ўсё сваё свядомае жыццё Карп быў чалавекам з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. У 1917 г., калі краінай кіраваў Часовы ўрад, за рэвалюцыйныя погляды радавы Гатоўскі на некалькі месяцаў трапіў у турму. Пасля вызвалення ён перайшоў на бок бальшавікоў, узначаліўшы спачатку палкавы, а затым дывізійны і корпусны салдацкі камітэт.
У пачатку 1918 года Карп Фядотавіч пасля ранення знаходзіўся на адпачынку на сваёй малой радзіме. У гэты час Полаччына была акупавана германскім войскам і таварыш Гатоўскі ўзначаліў адзін з партызанскіх атрадаў.
За мужнасць і стойкасць, праяўленыя ў бая­вых аперацыях, у маі 1918 г. Карп Фядотавіч быў прыняты ў рады РКП(б). У хуткім часе таварышы па зброі абралі яго начальнікам Полацкага ваеннага камісарыята, а потым і старшынёй Полацкага камітэта партыі. Палачане даверылі Карпу Гатоўскаму, нягледзячы на яго малады узрост (26 гадоў), прадстаўляць Полаччыну і на V Усесаюзным з’ездзе Саветаў у Маскве. У той час збылася яго мара — убачыць­ і пачуць самога Уладзіміра Леніна.

Пасля пачатку рэвалюцыі ў Германіі і адыходзе германскіх войск з беларускіх земляў, у Полацк у канцы лістапада 1918 г. увайшлі часці Чырвонай арміі, і Карп Гатоўскі разам са старшынёй ВРК Дзмітрыем Салаўёвым пачалі займацца першачарговымі справамі па арганізацыі мірнага жыцця працоўных і сялян. Яны аднавілі працу чыгуначнага вузла, работу гарадскіх і павятовых прадпрыемстваў, забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання, аддзеннем, палівам, пачалі барацьбу з інфекцыйнымі хваробамі. Большая частка гэтай працы лягла на плечы асабіста Карпа Гатоўскага. Ужо да канца красавіка ў гора­дзе працавала 11 школ, 4 дзіцячыя прытулкі, 4 дзіцячыя садкі. З’явілася бясплатная медыцынская дапамога. У снежні 1918 г.

К.Ф.Гатоўскі жаніўся і дадаў да свайго прозвішча яшчэ і прозвішча жонкі — Быхавец.

У канцы зімы 1919 г. на беларускія землі ўвашлі часці польскай арміі, і ўжо праз месяц Полацк стаў прыфрантавым горадам. Пачалася мабілізацыя камуністаў, а ўсё астатняе працоўнае насельніцтва занялося будоўляй умацаванняў, рамонтам дарог і мастоў. Узначаліў гэту працу зноў Карп Гатоўскі. Восенню Карп Фядотавіч узяў на сябе кіраўніцтва баталь­ёнам 17-й дывізіі, якая непасрэдна абараняла подступы да Полацка. Праз 4 месяцы ўдзелу ў баявых дзеяннях Карпа Фядотавіча абралі камандзірам палка.

Калі скончылася польска-савецкая вайна, Карп Гатоўскі вярнуўся ў Полацк, дзе быў прызначаны кіраўніком вучэбнага батальёна 43-х полацкіх аб’яднаных курсаў чырвонаармеўцаў. З восені 1922-га па чэрвень 1941 г. ён змяніў шмат месцаў службы.

У пачатку 1919 г. Карпу Гатоўскаму-Быхаўцу прыходзілася шмат часу аддаваць і барацьбе на Полаччыне з бандытызмам. У Краязнаўчым музеі можна пабачыць сапраўдныя загады 1918-1919 гг. за подпісам Гатоўскага-Быхаўца. Жорсткія меры — расстраляць на месцы тых, хто не здаў зброю або выказаў супраціўленне службам аховы парадку, — былі выкліканы самім часам. Праўда, жыць спакойна ў палачан доўга не атрымалася. 

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Карп Фядотавіч адказваў за падрыхтоўку танкістаў, у 1944 г. ён удзельнічаў у баявых аперацыях на 1 Украінскім фронце. На жаль, у тым жа го­дзе здароўе камандзіра гвардзейскай танкавай брыгады дало збой. 9 мая 1947 г. Карп Фядотавіч памёр. Але яго імя засталося ў гісторыі. Менавіта такія людзі складаюць слаўныя старонкі гісторыі сваёй бацькаўшчыны.

І.П.Воднева,
загадчык Краязнаўчага музея.