«Іду і вяртаюся» — выстава вядомага беларускага мастака Ягора Баталь­ёнка, працуе ў Мастацкай галерэі Полацка

Культура

«Іду і вяртаюся» — так называецца выстава вядомага беларускага мастака Ягора Баталь­ёнка, якая працуе ў Мастацкай галерэі з 17 верасня. У сувязі з павышаным інтарэсам жыхароў і гасцей горада кіраўніцтва Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка вырашыла прадоўжыць час яе экспанавання да 5 снежня.

Выстава прымеркавана да 75-годдзя майстра, які прадставіў на ёй свае найбольш значныя работы. Пазнаёміўшыся з экспазіцыяй, аматары мастацтва змогуць адкрыць для сябе мастака, жывапіс якога ўражвае вытанчанасцю градацый каларыту. Так, разглядваючы карціны «На Успенне», «Адліга» і іншыя, можна заўважыць, як святло і колер ствараюць нібыта жывую прастору. Толькі валодаю­чы тонкім адчуваннем прыроды мастак можа перадаць сут­насць падобных з’яў.

Усе палотны мастака створаны ў блізкай да натуральнай колеравай гаме. Ён часта малюе туманную дымку, з якой праступаюць выявы характэрных беларускіх ландшафтаў — «Вячэрняе святло», «Атока» і інш.

Сярод работ, прадстаўленых на выставе, ёсць некалькі абсалютна містычных, да прыкладу, «Высокае неба Ліплянаў» і «У памяць Аршанскай бітвы». На іх мы бачым месцы, звязаныя з правядзеннем асаблівых рытуалаў. Сюжэты карцін тояць у сабе энергетыку месцаў, якія выклікаюць жаданне разважаць аб пераходзе ў іншую рэальнасць…

Усе работы мастака літаральна «прыму­шаюць» наведвальніка выставы ўважліва ўгле­дзецца ў іх, пранікнуцца глыбінёй і прыгажосцю таго асяроддзя, у якім мы жывем.
Запрашаем на сустрэчу з высокім мастац­твам!