Кіпіць праца ў полі. Пакуль добрае надвор’е, хлебаробы спяшаюцца зрабіць за дзень як мага больш.
На мінулым тыдні на адным з палёў у Шпакоўшчыне працавалі камбайн і адвозчык збожжа з УП «Полацк-Мілк». Пасля дажджоў праца хлебаробаў ускладнілася, але ўраджай збожжавых вырас неблагі, трэба яго ўбраць.
Старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Дабраслаўскі быў рады шчыра павіншаваць з тысячным поспехам на перавозцы збожжа вадзіцеля Канстанціна Яшына, які працуе на аўтамабілі МАЗ-555142. Па традыцыі ён уручыў перадавіку вымпелы, наклейкі на машыну з надпісам «Лідар жніва», майку і кепку з сімволікай прафсаюза і грашовую прэмію.
Канстанцін Яшын не першы год выйшаў у перавозчыкі-тысячнікі. Кожную ўборачную кампанію ён ставіць перад сабой мэту — дасягнуць такога выніку. Сёлета, калі ўжо амаль паспеў перавезці тысячу тон збожжа, зламаўся яго любімы «МАЗ». Канстанцін не пашкадаваў уласнага часу, рамонтам займаўся вечарам, сам ездзіў па запчасткі, каб раніцай выехаць у поле і паспець стаць пераможцам раённага спаборніцтва.
— Канстанцін Яшын заўсёды працуе з агеньчыкам у вачах! Сваёй працавітасцю ён паказвае станоўчы прыклад калегам, — адзначыў дырэктар гаспадаркі «Полацк-Мілк» Віталь Кузякоў. — Зараз ідзе ўборка зерневых на адлегласці ад сушылкі 25 кіламетраў, але нашага Канстанціна гэта не засмучае, ён добра ведае слова «трэба».
Працалюбівы вадзіцель шчыра прызнаўся, што грашовую прэмію намераны патраціць на падарунак для любімай дачушкі Эвеліны. Дзяўчынка вучыцца на выдатна, сёлета ўжо пойдзе ў пяты клас. Бацька ганарыцца яе перамогамі на школьных алімпіядах і жадае, каб і яна раздзяліла з ім радасць тысячнай працоўнай перамогі.