Хлебаробам Полаччыны давялося як след пашчыраваць

Главное

Спрадвеку нялёгкай працай даецца чалавеку хлеб. І ня­просты яго шлях ад налітога патаемнай жыццёвай сілай зернейка, што з трапяткімі пачуццямі пакладзена ў зямлю, да свежаспечанага духмянага бохану, які дорыць нам дабрабыт і надзею, радуе сэрца і весяліць душу. І сёлета хлебаробам Полаччыны давялося як след пашчыраваць, каб сабраць багаты ўраджай. Але вось — зерневыя ў засеках, падведзены вынікі чарговага хлебнага года, і зноў нас аб’яднала цудоўнае восеньскае свята, што ўшаноўвае працаўнікоў вёскі за добрасумленную плённую працу на зямлі…

З духмяным караваем

1У мінулую суботу ў Полацку са шчырай удзячнасцю за важкі ўклад у абласны і рэспублікан­скі каравай хлебам-соллю віталі дэлегацыі сельгаспрадпрыем­ст­ваў раёна на свяце «Дажынкі». І, згодна з традыцыяй, пышны каравай як сімвал заканчэння сёлетняга жніва ад імя ўсіх яго ўдзельнікаў быў уручаны старшыні райвыканкама Мікалаю Шаўчуку. Кіраўнік Полаччыны, вітаючы майстроў хлебнай нівы, адзначыў вялікую значнасць іх працы: «Падтрымка развіцця сельскай гаспадаркі — аснова харчовай бяспекі, суверэнітэту і працвітання нашай дзяржавы. Таму ў Рэспубліцы Беларусь асаблівая ўвага надаецца аграрнаму сектару эканомікі… Вялікая вам удзячнасць за прафесіяналізм, добрасумленную працу, адказныя адносіны і бясконцую адданасць справе свайго жыцця». Мікалай Мікалаевіч пажадаў усім сельскім працаўнікам моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і поспехаў ва ўсіх справах і пачынаннях на карысць роднага краю і Рэспублікі Беларусь.

Ганаровы госць — генеральны дырэктар УП «Віцебскабл­газ», член Савета Рэспублікі Пётр Шэршань павіншаваў палачан са святам і зазначыў, што Полаччына — край гістарычнай праўды Беларусі, край багатых традыцый і прыкладу ў працы. У сваёй прамове ён падкрэсліў значнасць сёлетніх здабыткаў полацкіх хлебаробаў, выказаў упэўненасць у тым, што наперадзе абавязкова будуць новыя поспехі і нагадаў пра паступовы рух у развіцці ўсіх галін народнай гаспадаркі рэспублікі, які стаў магчымым, дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву краінай.

2

Па працы і гонар

— так кажа народная мудрасць. І важнае ў земляробчай працы свята прадоўжылася хвалюючай цырымоніяй угана­равання перадавікоў. На сцэну за заслужанымі ўзнагародамі былі запрошаны пераможцы раённага спаборніцтва «Дажынкі-2015» сярод сельскагаспа­дарчых арганізацый, камбайнераў і ва­дзіцеляў. Са словамі шчырай удзячнасці за плённую працу Дыпломы пераможцаў кіраўнікам гаспадарак уручыў старшыня райвыканкама Мікалай Шаўчук. Да віншаванняў хлебаробаў далучыўся намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраў­лення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Баратын­скі, які з пажаданнямі дабрабыту ўручыў лепшым экіпажам камбайнераў і вадзіцелям Ганаровыя граматы.

Прысутныя ў зале шчыра радаваліся разам з сельскімі працаўнікамі, якія з’яўляюцца гонарам роднай Полаччыны, і падтрымлівалі іх дружнымі апладысментамі. І кожны разумеў, што сакрэт агульнага поспеху — у зладжанай працы ўсіх хлебаробаў, у іх сумленных адносінах да сваіх абавязкаў. Бо якой бы багатай ні была зямля, яна павінна адчуваць клопат рук чалавечых.

Ёсць хлеб — будзе песня!

І музычных падарункаў пераможцам жніва было багата! Творчы калектыў Полацкага гарадскога палаца культуры, які рыхтаваў праграму да свята, да сваёй справы таксама падышоў з адказнасцю і асаблівай цеплынёй. У выніку работнікі сельгасарганізацый, забыўшыся пра цяжка­сці, якія давялося пераадольваць падчас сёлетняй уборачнай кампаніі, з задавальненнем слухалі шчырыя песні. А працавітыя іх рукі адорвалі артыстаў гучнымі воплескамі. Музычныя калектывы, добра вядомыя палачанам, — «Радзімічы», «Таўкачыкі», «Black diamond», «Школьны квартал», вакальная група народнага хору ветэранаў, салісты Вольга Мацвіеўская, Алекс Цім, Святлана Дзедушкова і Анечка Лялюга падтрымлівалі добры настрой гледачоў на працягу ўсёй дзеі.

Нават пасля таго, як адгучалі апошнія акорды, сэрцы шматлікіх удзельнікаў раённага свята «Дажынкі» поўніліся музыкай. І, выйшаўшы на двор, яны ізноў траплялі ў святочную атмасферу, бо тут і там у цэнтральнай частцы Полацка працавалі канцэртныя пляцоўкі. Вольна і шырока ў той дзень лілася песня, бо натхняльнікам яе быў бацюхна-Хлеб.

…І няхай сёння свята адышло ў мінулае, сціхлі гарадскія вуліцы і плошчы, але грэюць душу добрыя ўспаміны і цеплыня ад зробленай вялікай справы.

3



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *