Днямі ў Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё XXI Мінскай кніжнай выставы-кірмашу. Яе своеасаблівым дэвізам у Год гасціннасці сталі словы «Усе кнігі — у госці да нас», і гэта пацвярждае той факт, што на міжнародным кніжным форуме сваю друкаваную прадукцыю прэзентавалі больш за 600 экспанентаў з 25 краін свету.
У ліку іншых кніг грамадскасці было прадстаўлена ўнікальнае факсімільнае выданне рукапісу XII стагоддзя — «Полацкае Евангелле». У Палацы Рэспублікі прайшла цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу «Мастацтва кнігі». Са 134 выданняў журы выбрала самыя лепшыя. Гран-пры прысуджана «Полацкаму Евангеллю», перавыдадзенаму Выдавецтвам Беларускага Экзархата.
Дарэчы, адзін з экземпляраў гэтага ўнікальнага выдання з нядаўняга часу захоўваецца і на радзіме — у Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання.
Алена КАЛЕНІК.