5 мая адзначаецца Дзень друку. Гэта прафесійнае свята супрацоўнікаў рэдакцый газет і часопісаў, работнікаў друкарняў і кніжных выдавецтваў.
Прыемная навіна на мінулым тыдні прыйшла ў калектыў рэдакцыі газеты «Полацкі веснік». Рашэннем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта сёлета ён прызнаны пераможцам абласнога конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі на прэмію імя Ф.Скарыны ў намінацыі «Лепшы друкаваны СМІ Віцебскай вобласці»!
Ужо больш за 100 гадоў выходзіць у свет полацкая газета. Не раз змянялася яе назва, але адно заставалася непахісным — самаадданая праца журналістаў, іх імкненне аб’ектыўна і шчыра пісаць гісторыю сучаснасці, знаёміць чытачоў з самымі важнымі, цікавымі і актуальнымі навінамі. Сёння нам вельмі няпроста ўтрымаць сваю нішу ва ўмовах канкурэнцыі ў інфармацыйнай прасторы і яе адкрытасці розным медыйным плыням. Мы вельмі даражым даверам чытачоў і таму на старонках газеты размаўляем з кожным сумленна і адкрыта.
«Полацкі веснік» пастаянна ўдасканальваецца: у апошні час змяніўся яго дызайн, актыўна развіваецца сайт газеты. Журналісты кожны дзень вучацца пісаць па-новаму, адпаведна патрабаванням часу, асвойваючы актуальныя тэмы і стылі падачы матэрыялаў. Калектыў рэдакцыі заўсёды вызначаў высокі прафесіяналізм, адказнае стаўленне да справы і, галоўнае, уменне працаваць са словам. Нас вельмі радуе, што напрацягу многіх гадоў выданне застаецца запатрабаваным у жыхароў Полаччыны. Гэта натхняе і творчы калектыў рэдакцыі, і нашых верных калег і памочнікаў — наваполацкіх паліграфістаў, якія два разы на тыдзень друкуюць тыраж «Полацкага весніка», і паштальёнаў, якія дастаўляюць газету па шматлікіх адрасах падпісчыкаў. Агульныя намаганні маюць дастойны вынік! Радуй, «Полацкі веснік», сваіх чытачоў! Так было і так будзе заўсёды…
Са святам вас, калегі і шаноўныя ветэраны галіны! Няхай жыццё натхняе на творчасць і дае сілы для новых здзяйсненняў, а прафесійная дзейнасць прыносіць радасць і задавальненне!