2 ліпеня 1941 года да выпуску рыхтаваўся чарговы нумар газеты «Бальшавіцкі шлях», але першая моцная бамбёжка горада змяніла планы рэдакцыі. Друкарня была знішчана, і амаль на два гады полацкая перадавіца прыпыніла выпуск. Толькі ў пачатку чэрвеня 1943 г. у глыбокім падполлі выйшаў першы нумар газеты-партызанкі, які стаў сапраўдным падарункам для жыхароў Полаччыны.
Былы супрацоўнік полацкай «раёнкі» Павел Андрэевіч Шадзеўскі змог зберагчы першую паласу 3377-га нумара. Артыкулы пад назвамі «Не зазнавацца, біць акупантаў насмерць» і «Буйны правал гітлераўцаў», звесткі пра захаваны апошні даваенны нумар і новыя задачы газеты былі адлюстраваны на дзвюх старонках газеты-«чацвяртушкі», як ласкава яе называлі партызаны.
Павел Бяляўскі, адзін з супрацоўнікаў полацкай газеты часоў Вялікай Айчыннай вайны, а ў будучым — старшыня Дзяржкамітэта па кінематаграфіі, пра тыя часы ўспамінаў наступнае: «Гэта было ў маі 43. Ноччу на партызанскі аэрадром каля в.Сяляўшчына прызямліўся самалёт з Вялікай зямлі. Партызанскія злучэнні Расонскага, Полацкага і Дрысенскага раёнаў атрымалі чарговую партыю зброі, боепрыпасаў, газеты і часопісы. Сярод розных скрынак і мяшкоў выдзяляліся 2 невялікія чамаданы. Па тым, як з імі абыходзіліся, было відаць, што прыбыў асабліва каштоўны груз. Чамаданы адразу ж на павозцы ў суправаджэнні аховы адправілі ў штаб 3-й Беларускай партызанскай брыгады. У іх была паходная друкарня, здольная забяспечыць выпуск у баявых умовах малафарматнай газеты і лістовак».
Першым рэдактарам газеты быў Фёдар Трафімавіч Шэдаў, ураджэнец Полаччыны, у 1943 г. камісар 3-й Беларускай партызанскай брыгады, які меў невялікі вопыт рэдакцыйнай працы. Па ўспамінах партызан, наборшчыцай газеты стала Таццяна Сакалова, якой у зямлянцы, дзе размяшчалася друкарня, дапамагалі партызаны І.Дворнікаў, Ф.Ляхаў і П.Іваноў.
Газета выдавалася невялікім фарматам, на адным аркушы, тыражом каля 250 экзэмпляраў. «Бальшавіцкі шлях» часоў Вялікай Айчыннай вайны выходзіў толькі раз у тыдзень. Нататкі былі невялікімі, у асноўным змяшчалі звесткі з фронту, якія партызаны атрымлівалі па радыё… Дзякуючы карэспандэнтам, якія неслі да чытачоў простае, але гучнае слова, газета была вельмі запатрабаванай. Яна распаўсюджвалася як сярод партызан, так і мясцовага насельніцтва. Неаднаразова нямецкія захопнікі, якім траплялі ў рукі асобныя нумары, спрабавалі знайсці падпольную друкарню, але спыніць выпуск газеты-партызанкі яны так і не змаглі. За першыя 4 месяцы выйшла 15 нумароў газеты і вялікая колькасць лістовак.
У кастрычніку 1943 г., калі да выпуску рыхтаваўся чарговы нумар газеты, прысвечаны Кастрычніцкай рэвалюцыі, фашысты ўварваліся ў партызанскі раён. П.Бяляўскі разам з партызанам М.Манісам, у будучым — Заслужаным настаўнікам БССР, вядомым полацкім краязнаўцам, прыглядзеўшы ў лесе ля вёскі Даўгабор’е вялікую сасну, выкапалі пад ёй яму і схавалі там друкарскі станок і іншую маёмасць друкарні. Ужо пасля вызвалення Полаччыны, у ліпені 1944 г., М.Маніс і П.Шадзеўскі паехалі ў Даўгабор’е, знайшлі тую сасну і адкапалі станок, які потым перадалі ў Краязнаўчы музей. Сёння яго можна пабачыць ў экспазіцыі Музея баявой славы.
Пасля таго, як партызанскія брыгады ў канцы лістапада 1943 г. злучыліся з часцямі Чырвонай Арміі, у вызваленай ад фашыстаў в.Труды П.Шадзеўскі і П.Бяляўскі аднавілі выпуск полацкай «раёнкі». У фондах Полацкага музея-запаведніка захоўваюцца пажоўклыя старонкі газеты «Большэвіцкі шлях» за 1943-1944 гг. Рэдакцыя газеты падвяргала рэзкай крытыцы нямецкія парадкі на яшчэ акупаванай тэрыторыі раёна і горада, выкрывала іх здрадніцкі характар, выказвала ўпэўненасць у тым, што ў хуткім часе фашысты назаўсёды будуць выгнаны з нашай зямлі. Аўтарамі матэрыялаў газеты, якая выдавалася на вызваленай ад немцаў тэрыторыі Полацкага раёна, у в.Засітніца Арлейскага сельсавета, былі камандзіры і камісары партызанскіх атрадаў і дыверсійных груп, а таксама простыя партызаны, якія мелі журналісцкі талент. Гэта Д.Файнгелерынт, М.Маніс, Г.Макагін, Л.Гарбук і многія іншыя. Часта на старонках газеты былі і гумарыстычныя матэрыялы, якія ўздымалі баявы настрой, дапамагалі выжываць, а галоўнае — набліжалі доўгачаканую перамогу.
У 1944 г. выйшла 19 нумароў полацкай газеты-партызанкі. Апошнім стаў нумар ад 7 мая 1944 г. Ён змяшчаў матэрыялы пра набліжэнне фронту да нашага горада і хуткае яго вызваленне. Пасля крывапралітных баёў раніцай 4 ліпеня 1944 г. на будынку былога кадэцкага корпуса быў узняты чырвоны сцяг, які абвясціў аб вызваленні Полацка, а праз два дні выйшаў чарговы нумар полацкай газеты. І нягледзячы на тое, што ад горада, яго былой прыгажосці і велічы, засталіся толькі коміны і груды смецця, але заклікі на старонках газеты, аб’явы аб адкрыцці крамаў, школ, тэхнікумаў прыносілі радасць і жаданне як мага хучэй аднавіць родны горад і забыць усё перажытае як жудасны сон. «Полацк вызвален. Аднак усюды яшчэ…зіяюць раны, нанесеныя немцамі нашаму гораду. Горад у цяжкіх ранах. Але Полацк будзе адноўлены — гэта адзінае імкненне палачан, і кожны з нас гатоў укласці сваю працу ў гэтую благородную справу
(«Большэвіцкі шлях», 13 жніўня 1944 г.).
этапы развіцця
У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе гісторыя газетнай справы на Полаччыне была даволі стракатай. З верасня 1944 г. Полацк набыў статус абласнога цэнтра, і, зразумела, што ў аблвыканкаме і абкаме КП(б)Б павінна была з’явіцца свая газета. Так у Полацку пачаў выдавацца «Большэвіцкі сцяг». Першыя гады жыцця новага перыядычнага выдання былі вельмі складанымі: разбураная гаспадарка, страты з тэхнічнага боку, недахоп спецыялістаў. У 1944 г. выйшла толькі 10 нумароў абласной газеты.
Асноўнымі тэмамі паведамленняў і нататкаў станавіліся зводкі Саўінфармбюро, загады і пастановы па вобласці і краіне, міжнародныя агляды падзей. Але з кожным днём карэспандэнты пісалі ўсё болей пра першыя поспехі на палях калгасаў Полаччыны, пра адкрыццё школ, бальніц, тэхнікумаў, бібліятэк.
Нам добра вядома, што многае залежыць ад рэдактара газеты, і полацкай перадавіцы, у большасці, шанцавала з кіраўнікамі. У 1945 г. газету рэдагаваў А.Ц.Васілеўскі, а яго намеснікам быў П.А.Шадзеўскі. Журналісцкі вопыт і добрыя арганізатарскія здольнасці дапамагалі ім у штодзённай працы. У хуткім часе рэдактарам стаў Д.М.Каплун, праз два гады яго змяніў Г.Фралоў, а апошнім рэдактарам абласной газеты быў В.Калібераў. У склад рэдакцыі звычайна ўваходзілі яшчэ намеснік рэдактара і 6-7 супрацоўнікаў.
Перыядычнасць выдання ў 1947 г. ужо складала 3-4 разы ў тыдзень. Гучныя назвы артыкулаў, аўтарамі якіх былі А.Гурчонак, П.Бяляўскі, І.Лапіцкі, І.Лемеш, адлюстроўвалі асноўныя накірункі развіцця эканомікі рэгіёну. На старонках газеты шмат увагі надавалася матэрыялам пра поспехі на палях і прадпрыемствах, пра фізічнае і культурнае выхаванне, пісалі пра школьнае жыццё, пра дапамогу дзецям-сіротам і мнагадзетным сем’ям. Карэспандэнты газеты, якія падчас камандзіровак даязджалі да самых аддаленых куткоў Полацкай вобласці, шукалі матэрыялы аб людзях справы, жыхарах Полаччыны, што станавіліся прыкладамі працаздольнасці і ініцыятывы ў складаны пасляваенны час. Амаль у кожным нумары можна было знайсці і разнастайныя аб’явы
і афішы.
Як прыемна чытачам было знаёміцца з нататкамі пра адбудову полацкіх вуліц і плошчаў, пра арганізацыю суботнікаў і нядзельнікаў. Газеты стракацелі загалоўкамі і лозунгамі «З руін і попелу мы адродзім цябе, наш родны Полацк!», «Полацк любімы, мы цябе ўзнімем!». А вось некалькі радкоў з №114 ад 8 чэрвеня 1947 года: «Ужо зараз горад прыкметна адраджаецца з тых руін, у якія ён быў ператвораны ў гады нямецкай акупацыі. Шмат ёсць планаў на будучыню. Галоўнай магістраллю горада стане вуліца К.Маркса. Яна злучыць тры плошчы. Плошча Свабоды будзе расшырана і заасфальтавана, акружана прыгожымі архітэктурнымі будынкамі. Другая плошча будзе знаходзіцца на скрыжаванні вул. К.Маркса з вул. Н.Гогаля. Там плануецца пабудаваць драмтэатр, а каля яго ўстанавіць помнік беларускаму першадрукару Францыску Скарыну. А трэцяя плошча з’явіцца на скрыжаванні вул. К.Маркса з магістраллю Мінск-Полацк-Ленінград. У цэнтры яе плануецца ўстанавіць помнік Перамогі. Праспект К.Маркса будзе гордасцю нашага горада. На гэтай вуліцы і плошчах палачане будуць праводзіць свой культурны адпачынак і народныя гулянні». Сёння мы можам сказаць, што большая частка тых планаў здзейснілася.
Заўсёды цікавілі палачан і матэрыялы па гісторыі роднага краю. Часта на старонках абласной газеты можна было пазнаёміцца з артыкуламі даследчыка і краязнаўцы, актыўнага дзеяча гарадскога жыцця Мікалая Аляксандравіча Маніса.
Літаратурны талент на старонках абласной газеты праявіўся і ў будучага лаўрэата Дзяржаўных прэмій, члена Саюза пісьменнікаў Алеся Ануфрыевіча Савіцкага. Класік беларускай прозы менавіта ў Полацку заклаў падмурак сваёй будучай літаратурнай дзейнасці. Да апошніх дзён свайго жыцця Алесь Ануфрыевіч меў сувязь з полацкай зямлёй. У 2015 г. для Краязнаўчага музея ён пакінуў успаміны пра часы працы ў «Большэвіцкім сцягу».
Разам з успамінанамі ён перадаў і некалькі ўнікальных фотаздымкаў, на якіх можна пабачыць супрацоўнікаў пасляваеннай газеты, адзін з кабінетаў рэдакцыі, пасяджэнні літаратурнага аб’яднання, якое зноў распачало сваю дзейнасць у красавіку 1949 г. У адным з нумароў было паведамленне, што абрана бюро пад старшынствам А.Савіцкага, вырашана выдаваць уласныя літаратурныя альманахі і праводзіць літаратурныя чацвяргі. Тыраж газеты з 1 студзеня 1948 г. зменшыўся да 10 300 экзэмпляраў, бо пачала выдавацца аднайменная абласная газета на рускай мове «Большевистское знамя». Газета, тыраж якой быў 5 000 экзэмпляраў, паўтарала год выдання і нумарацыю «Большэвіцкага сцяга».
Чытаць газету стала намнога цікавей пасля з’яўлення сярод друкаваных тэкстаў вынікаў творчай працы фотакарэспандэнтаў Мікалая Казлёнка (потым працаваў дырэктарам Краязнаўчага музея), А.Васечкі, М.Ткачэнкі і інш. У канцы 1952 г. абласная газета вырашыла змяніць сваю назву: замест «Большэвіцкага сцяга» стаў выдавацца «Сцяг камунізма».
Змяніла сваю назву і рускамоўная газета. Але праз два гады, у пачатку 1954 г., для ўдасканалення адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу нашай рэспублікі было скасавана пяць абласцей, у тым ліку і Полацкая. Наш горад зноў стаў раённым цэнтрам Віцебскай вобласці. У Полацку ў той час была свая раённая газета — «Большэвіцкі шлях», якая з лістапада 1952 г. стала насіць назву «Сталінскі шлях».
У сувязі з новымі адміністрацыйнымі падзеламі абласная газета стала друкаваным органам Полацкага гарадскога камітэта партыі і гарадскога Савета дэпутатаў, а ў 1956 г. гарадскую і раённую газеты аб’ядналі пад назвай «Сцяг камунізма». У лютым 1974 года выданне стала называцца «Сцяг камунізму», гэтую назву старэйшае пакаленне палачан добра помніць і сёння. «Полацкі веснік» прыйшоў на змену «Сцяг камунізму» разам з новым 1991 годам.
І.П.Воднева, загадчык Краязнаўчага музея, філіяла НПГКМЗ.