Гаспадаркі Полацкага раёна пачалі «зялёнае жніво».

Заботы сельские

Сёлетняе майскае цёплае надвор’е паспрыяла хуткаму росту сакавітых траў, таму ўжо зараз многія гаспадаркі Полацкага раёна пачалі «зялёнае жніво». Гэты перыяд сельскагаспадарчых работ лічыцца ў аграрыяў самым адказным, ад яго залежаць якасць і колькасць кармоў, а ў выніку — паспяховая праца галіны жывёлагадоўлі і цалкам аграпрамысловага комплексу краіны.

Пра тое, што зараз самы час пачынаць нарыхтоўку травяных кармоў, гаварыў і старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук. З нагоды важнай для сяльчан справы ва ўрочышча Курган філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» з’ехаліся кіраўнікі ўсіх сельгасгаспадарак Полацкага раёна і спецыялісты ўпраўлення райсельгасхарчу Полацкага райвыканкама. Для правядзення традыцыйнага малебна запрасілі айца Уладзіміра (Рацьковіча), настаяцеля Свята-Пакроўскай царквы г.Полацка.

— Нарыхтоўка кармоў — гэта аснова асноў, наша малако, — падкрэсліў Мікалай Шаўчук і дадаў, што травы багатыя бялком, карацінам, пратэінам — усім неабходным для жывёлагадоўлі. Важна захаваць раннія тэрміны ўборкі, у залежнасці ад фазы вегетацыі, калі забяспечваецца максімальнае ўтрыманне абменнай энергіі і пажыўных рэчываў.

Нарыхтоўка кармоў у гаспадарках павінна ісці, не зважаючы на надвор’е (калі пачалі яму — трэба скончыць), трамбаваць ямы трэба кругласутачна, у яму закладаць не меней за 200 тон сенажу. Каб травы не паспелі перарасці, працаваць трэба з ранку да позняга вечара і па выхадных. «Ужо ў 6 гадзін раніцы тэхніка павінна быць на полі, за гадзіну, пакуль пачнецца раённы селектар, можна на­запасіць тону кармоў», — падкрэсліваў Мікалай Мікалаевіч.

Дырэктар філіяла «Вясна-энерга» РУП «Ві­цебск­энерга» Андрэй Нікіфараў забяспечыў пастаноўку кормаўборачнай тэхнікі ў лінейку гатоўнасці. «Сённяшні дождж пера­шкаджае нам праводзіць нараду, а вось для росту травы ён патрэбны!» — падкрэсліў Андрэй Анатольевіч. Галоўны аграном філіяла Ганна Грышкевіч паведаміла, што «вясноўцам» належыць убраць 676 га шматгадовых траў і 440 га — аднагадовых. Пачалі нарыхтоўваць сянаж у рулоны з выкарыстаннем палімернай плёнкі. «Новая тэхналогія дазваляе нарыхтоўваць больш якасныя кармы, жывёла з задавальненнем іх спажывае. Пры трамбоўцы і транспарціроўцы ў корм трапляюць пыл і пясок, а ў рулонах корм — лепшай яка­сці», — падкрэсліла спецыяліст.

Айцец Уладзімір правёў малебен, падчас якога папрасіў дапамогі Божай для кіраўнікоў гаспадарак і сяльчан. Ён заўважыў, што для кожнай справы Гасподзь дае чалавеку пэўны час і магчымасці. «Хочацца, каб пачатая справа своечасова скончылася, таму мы і просім у Бога паспешнасці», — падкрэсліў свяшчэннаслужыцель. І дадаў, што Гасподзь адорвае многіх людзей талентам мудрасці. Гэты талент абавязкова дапаможа ўдзельнікам малебна пры арганізацыі «зялёнага жніва».

…Мы засталіся на полі, каб паглядзець на пакінутыя ўслед за касілкай высокія густыя валкі духмянай свежаскошанай травы. «Пакуль расце атава — касцоў чакае справа», — прыгадалася выказванне аднаго са знаёмых сяльчан. У думках мы пажадалі працаўнікам палёў, каб тэхніка добра працавала і каб травы нарасло. Тады будзем з кармамі!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *