Ці лёгка быць першым? Далёка не ў кожнага можа атрымацца павесці за сабой людзей. Асабліва — людзей маладых, актыўных і дзейных. Але ёсць на Полаччыне вельмі далікатная з выгляду, але такая баявая (у лепшым сэнсе гэтага слова) дзяўчына, для якой быць першай — не проста праца, а, натуральна, прызванне.
…Дзяцінства першы сакратар Полацкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Ганна Тадэвушаўна Кашчэва правяла на Гродзеншчыне, у Астравецкім раёне. Тата працаваў у мясцовым лясгасе, мама — у Астравецкім філіяле Белдзяржстраху. Ёсць у Ганны малодшы брат, які летась скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры.
Вучылася яна ў Кемелішкаўскай сярэдняй школе, цікавілася гісторыяй, займалася на народным аддзяленні школы мастацтваў, гуляла ў баскетбол. «Нават на спаборніцтвы ездзіла!» — усміхаецца Ганна. Дасканала вывучыла польскую мову. Пасля 9 класаў паступіла ў Полацкі каледж ВДУ імя П.М.Машэрава, абраўшы спецыяльнасць «Сацыяльная работа».
— Ніколі не была ў Полацку раней, але заўсёды марыла, — прызнаецца Ганна. — І калі скончыла каледж, вырашыла застацца тут. Вельмі люблю гэты горад, ужо амаль дзесяць год жыву ў ім.
У каледжы Аня была сакратаром пярвічкі БРСМ сваёй групы. Адначасова працавала ў Полацкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, кантактавала непасрэдна з людзьмі, якім патрэбна сацыяльная дапамога. Актыўна займалася дзейнасцю ў Чырвоным Крыжы, была сябрам абласнога валанцёрскага савета.
Пасля каледжа, які Ганна скончыла з чырвоным дыпломам, яна паступіла на завочнае аддзяленне Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. У гэтым годзе, дарэчы, атрымала дыплом. Па размеркаванні працавала ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. Успаміны аб першым працоўным месцы — самыя цёплыя. Там жа Ганна Кашчэва ўзначальвала пярвічку БРСМ, пасля ёй прапанавалі працаваць у тады яшчэ гарадскім камітэце арганізацыі. Выконвала абавязкі другога сакратара, пасля, з’яўляючыся другім сакратаром, на працягу года выконвала абавязкі першага. Пасля аб’яднання гарадскога і раённага камітэтаў працавала спецыялістам, пасля — выконваючым абавязкі першага сакратара, а з 11 лютага 2014 года — паўнавартасны першы сакратар.
— Вельмі люблю сваю працу, — прызнаецца Ганна. — Магу шчыра сказаць — фактычна жыву ёю! Тут я магу працаваць з актыўнай, таленавітай, лепшай моладдзю з усёй Полаччыны. Мне падабаюцца цікавыя, ініцыятыўныя людзі, і мы з камандай стараемся падтрымліваць іх, раскрываць іх таленты.
Ганна актыўна рэалізуе разнастайныя маладзёжныя праекты. Напрыклад, дзейнасць маладзёжных атрадаў добраахвотных дружын. «Чалавек сам павінен усвядоміць, што, калі мы хочам жыць у цывілізаваным грамадстве, у першую чаргу павінны самі паводзіць сябе культурна, — лічыць маладзёжны лідар. — Гэты прынцып мы ўкладаем у дзейнасць атрадаў і можам быць упэўненыя, што рабяты, якія ўдзельнічаюць у іх, — навучэнцы полацкіх каледжаў і ліцэяў, — вырастуць выхаванымі і адказнымі». Дарэчы, 22-23 красавіка ў Полацку плануецца правесці вучобу з атрадам АМАП Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.
Акрамя таго, Ганна марыць пра шырокую рэалізацыю другаснай занятасці моладзі, асабліва ў летні час. «Працуючы з юнацтва, моладзь не толькі мае магчымасць зарабіць — гэта дапамагае ёй развіць адчуванне адказнасці і самастойнасці», — кажа першы сакратар. Ганна Кашчэва шчыра ўдзячная намесніку старшыні Полацкага райвыканкама Пятру Мяфодзьевічу Пяткевічу і начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Ірыне Афанасьеўне Драздовай за ўсебаковую дапамогу і падтрымку ў рэалізацыі праекта. Бо толькі пры судзеянні мясцовых уладаў і маладзёжнага саюза можна дасягнуць значных поспехаў.
У гэтым годзе Ганна хоча арганізаваць раённы злёт для актыву БРСМ. У планах — правядзенне канцэрта, дзе выступяць маладыя таленты Полаччыны ў межах святкавання Дня горада. Ёсць у яе яшчэ адна ідэя — стварэнне савета працоўнай моладзі. «Праца ў гэтым напрамку толькі пачынаецца, яшчэ працаваць і працаваць», — кажа Ганна.
23 сакавіка прайшлі выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь XXVII склікання. «Неабходна, каб моладзь усведамляла сябе паўнапраўнымі грамадзянамі краіны, — упэўнена Ганна. — Нас, маладых беларусаў, — шмат. І важна менавіта зараз зрабіць правільны выбар, бо ад яго залежыць будучыня, якую мы будуем самі!».
…Ганна лічыць, што важна апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы. Чаму? У гэтым выпадку ёсць магчымасць дапамагаць як мага большай колькасці моладзі, якой гэтая дапамога патрэбна!
Сёння ў шэрагах Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі на Полаччыне — больш за 5000 чалавек, якія ўваходзяць у склад 179 пярвічак. Адной са сваіх мэтаў Ганна Кашчэва бачыць павелічэнне колькасці жадаючых далучыцца да саюза. Для гэтага трэба паказваць, што БРСМ — не проста абрэвіятура, а супольнасць актыўных, ініцыятыўных, жыццярадасных маладых людзей, якія заўсёды гатовыя падставіць плячо. І, гледзячы ў яскравыя, жывыя вочы дзяўчыны, якія гараць жаданнем рабіць для моладзі ўсё, што ў яе сілах, — верыцца: усё атрымаецца!
Ігар ПАЛЫНСКІ (тэкст і фота).