Ганаровы грамадзянін Полацка Навум Гальпяровіч адзначае сваё 75-годдзе

Культура Люди

Жыццёвы шлях пачынаецца ад вытока. І менавіта да яго, да адвечнага месца сілы праз час, праз блуканні па сцяжынах лёсу, праз шматлікія набыткі і страты мы вяртаемся, каб падсіл­каваць стомленую душу і зноў адчуць натхненне юнацкага палёту.

Для Навума Гальпяровіча, вядомага беларускага паэта, пісьменніка і публіцыста, ганаровага грамадзяніна Полацка, адданага патрыёта, такім месцам з’яўляецца родны горад. Менавіта ён стаў адпраўной кропкай для ягонага чалавечага і творчага лёсу.

Роднае месца

Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр з цэркаўкай-свечкай ля Палаты, белы ветразь Сафійскага сабора, легенды пра загадкавыя лабірынты… Побач з гэтым і ў гэтым ён рос і сталеў, аднойчы адчуўшы патаемную сілу месца, якой было напоўнена, здаецца, само паветра старажытных вулак. А яшчэ ён усвядоміў, што з’яўляецца земляком слынных палачан — прападобнай Еўфрасінні, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага. Магчыма, менавіта гэта стала для яго першым праяўленнем «полацкага менталітэту», пра які так трапна ўзгадаў у сваім вершы Рыгор Барадулін.

Нарадзіцца ў Полацку пашчасціла не толькі яму, але Навум Якаўлевіч стаў адным з тых, хто атрымаў у падарунак унікальную магчымасць пісаць пранізлівыя вершы, якія ўвайшлі ў залатую скарбонку літаратурнай творчасці нашай краіны. А яшчэ ён тонка адчувае душу Полацка і нясе ў сваім сэрцы адданую любоў да малой ра­дзімы.
Побач з Курганам Бессмяротнасці ў Полацку. Н.Я.Гальпяровіч апошні справа.

Ад каранёў

Тата будучага паэта прайшоў нялёгкі шлях. Франтавік, кавалер ордэна Айчыннай вайны І ступені, з-за ранення не мог вярнуцца да ранейшай прафесіі пячніка і муляра і працаваў на розных работах, закончыўшы працоўны шлях вартаўніком.

Мама была дачкой рэлігійнага настаўніка, што ўскладніла яе шлях у адукацыю. Пасля школы ў Шуміліне працавала і вучылася на рабфаку. Пазней паступіла ў Ленінградскі педагагічны інстытут імя Герцэна, які скончыла ў 1941 годзе. Перажыла Ленінградскую блакаду, а пасля вайны разам з маці пераехала ў Полацк, уладкавалася ў саўгас, дзе вырасла да галоўнага бухгалтара.

Бабуліна мова

Жывую беларускую мову хлопец чуў з самага дзяцінства ад бабулі Волі, мамінай маці. «Таму, — заўважае ён зараз з усмешкай, — мая беларуская мова не матчына, а бабуліна. Яе сакавітыя выразы і зараз паўстаюць у памяці».

Першай кніжкай для Навума Якаўлевіча стаў зборнік вершаў Маршака. Аднойчы ён наважыўся напісаць ліст Самуілу Якаўлевічу і атрымаў ад яго адказ! На доўгія гады чытанне для яго стала любімым заняткам.

Слова і лёс

Спачатку Навум Гальпяровіч марыў стаць… капітанам дальняга плавання. Нават паспрачаўся з-за гэтага з сябрам Валодзем Казловым. Хлопчыкі пайшлі да настаўніцы Тамары Фёдараўны, і яна, выслухаўшы іх, сказала: «Не крыўдуй, Навум, але прафесія капітана — не тваё. У цябе схільнасць да літаратуры…». У старэйшых класах Навум Гальпяровіч вырашыў звязаць свой лёс з літаратурнай творчасцю.

Але журналістыкі хлопец, які ўжо пісаў заметкі ў раёнку, пабойваўся. «Быў упэўнены, што гэта лю­дзі незвычайных здольнасцяў, таленавітыя», — прызнаецца ён сёння.

Пасля заканчэння школы вырашыў паступаць у інстытут замежных моў, але не прайшоў па конкурсе. Паступіў на завочнае аддзяленне журфака БДУ, але не скончыў, зрабіўшы няўдалую спробу перавесціся ў Маскву, у літаратурны інстытут, таму стаў студэнтам завочнага аддзялення Віцебскага педагагічнага інстытута, які скончыў у 1979 годзе.

Амаль год хлопец адпрацаваў грузчыкам на заводзе шкловалакна ў Полацку. Але здарылася лёсавызначальная па­дзея. Як сёння памятае дзень, калі разам з іншымі работнікамі добраўпарадкоўваў парк ля будучага Кургана Бессмяротнасці. Прыбег бацька, паведаміўшы, што яго выклікаюць у рэдакцыю «Сцяга камунізму». «Тагачасны рэдактар газеты Іван Фёдаравіч Лемеш сказаў мне: «Мяркуючы па тваіх заметках, ты чалавек пісьменны, думаю, з абавязкамі карэктара справішся. Так я стаў супрацоўнікам газеты, у якой адпрацаваў больш за дзесяць гадоў», — узгадвае Навум Якаўлевіч.

Намеснікам рэдактара быў Герман Кірылаў, чалавек, улюбёны ў літаратуру. Ён прапанаваў маладому супрацоўніку пісаць у газету. Праз два гады таленавіты карэктар быў пераведзены на пасаду старшага літсупрацоўніка, які выконваў абавязкі загадчыка аддзела культуры.

У эфіры

Наступным крокам на шляху прафесійнага развіцця стала работа на радыё. Спачатку на заводзе «Палімір». Потым — зноў газета, наваполацкі «Хімік», дзе, дарэчы, былі апублікаваны першыя вершы. А ў 1981 годзе Навум Гальпяровіч стаў уласным карэспандэнтам Дзярж­тэлерадыё па Віцебскай вобласці.

З 1997 года ён жыве ў Мінску. Працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Вожык», намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў, а ў 2002 го­дзе прыйшоў на радыёстанцыю «Беларусь», якую ў выніку ўзначаліў.
Зараз вядомы журналіст працуе на канале «Культура». Тут ён ажыццявіў некалькі цікавых праектаў, у ліку якіх «Развагі пра літаратуру» і «Кнігарня», цыкл «Прачулым радком», перадача «Адным штрыхом» і іншыя. Запомніліся радыёслухачам і праекты на Першым нацыянальным радыёканале «Без бар’ераў» і «Брама». А самым запатрабаваным з іх аказаўся «Зямля, што нам дадзена лёсам». Больш за тры гады Навум Гальпяровіч вядзе праграму «Суразмоўцы» на тэлеканале «Беларусь 3».

Землякі

Навум Гальпяровіч, нягледзячы на вялікую запатрабаванасць і занятасць, толькі прафесійнай дзейнасцю не абмяжоўваецца. Ён стаў адным з ініцыятараў стварэння ў сталіцы Полацкага зямляцтва, да яга далучыліся многія палачане, якія па волі лёсу жывуць далека ад роднага горада. У зямляцтва ў розны час уваходзілі акадэмік, дырэктар Батанічнага саду Ула­дзімір Рашэтнікаў, кіраўнік рэспубліканскага канцэрна «Белмеліярацыя» Анатоль Булыня, паэт Генадзь Бураўкін, пісьменнік Іван Стадольнік і многія іншыя. Кожны з палачан-землякоў быў гатовы зрабіць нешта на карысць роднага горада. Так, напрыклад, прыгожыя туі ля плошчы Свабоды з’явіліся дзякуючы клопату Уладзіміра Рашэтнікава.

Жыццёвая  праграма
Калі кіравацца вядомай ісцінай пра тое, што чалавек павінен пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выха­ваць сына, то Навум Гальпяровіч гэтую праграму выканаў. Дрэваў ён пасадзіў шмат. Разам з жонкай Марыяй выхаваў сына Максіма, які ў якасці прафесіі выбраў гісторыю. Доўгі час ён быў галоўным рэдактарам «Гістарычнага часопіса», а зараз рэдагуе «Краязнаўчую газету». Дачка Вольга пайшла па бацькоўскіх слядах — стала журналісткай. Працуе ў Кітаі на міжнародным радыё.
Падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання званнем «Ганаровы грамадзянін Полацка», 2014 г.

Творчыя планы

На пытанне пра планы Навум Якаўлевіч адказвае, што ў журналістыцы ён дасягнуў тых вяршынь, пра якія можна было толькі марыць. А што тычыцца літаратуры, мяркуе, што свой творчы патэнцыял выкарыстаў яшчэ не поўнасцю. Ён хоча напісаць новыя кнігі прозы і паэзіі.
«Што тычыцца паэзіі, то задачу бачу ў тым, каб сабраць разам тое, што зроб­лена раней, і тое, што робіцца цяпер, і выдаць асобнай кнігай, — разважае ён (дарэчы, такая кніга пад назвай «Ветразь лёсу» павінна выйсці ўжо ў пачатку гэтага года). — Да выніковай кнігі прозы я ўжо некалькі разоў падступаўся, але такую, якую хацелася б, пакуль не бачу. Можа быць, яе правобразам стане мая маленькая аповесць «Горад» — дакументальна-мастацкая рэч пра Полацк».

Назаўжды…

…Напярэдадні Калядаў, блукаючы па прасторах глабальнага сеціва, патрапіла на знаёмыя радкі: «Белыя фарбы зімы вы­ткуць на вокнах карункі. Любага краю малюнкі носім у памяці мы…». Верш Навума Гальпяровіча апублікаваў вядомы навуковец, палачанін, які зараз жыве і працуе ў Маскве. Пад публікацыяй — шмат каментарыяў. Падумалася: дзякуючы ім пра наш маленькі горад даведваюцца ва ўсім свеце. Як жа трэба яго любіць, каб шчырыя словы закраналі многія сэрцы! Можа, уся справа ў тым, што так распавесці пра Радзіму здольны толькі той, хто кажа пра нас: «Бо да апошняй мяжы мы назаўжды палачане».

Для іх і многіх іншых слынных сыноў і дачок старажытнага горада слова «Полацк» было своеасаблівым паролем, які адкрываў чароўны свет роднага месца. Яны ўзгадвалі яго пры кожнай сустрэчы, з гонарам прызнаваліся ў любові да малой ра­дзімы з самых высокіх трыбун, з ім звяралі свае ўчынкі, тут чэрпалі натхненне і сілы.