З асаблівым хваляваннем чакаюць свята беларускага пісьменства людзі, для якіх Полацк родны і блізкі. І не толькі чакаюць, а і рыхтуюць падарункі. Сярод іх Навум Гальпяровіч, паэт, пісьменнік, журналіст, галоўны дырэктар міжнароднага вяшчання радыё «Беларусь», ураджэнец і Ганаровы грамадзянін горада Полацка. Навум Якаўлевіч выступіў у якасці ўкладальніка кнігі, прысвечанай Полацкай зямлі. Кніга рыхтуецца да выхаду ў серыі «Беларусь літаратурная» ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», пад назвай «Сафійка, Полацк, родны край».
Новая кніга зацікавіць не толькі тых чытачоў, якія жывуць у Полацку, але і ўсіх беларусаў, бо далёка не кожнаму вядомыя многія факты, звязаныя з культурным жыццём і гісторыяй горада, тым, якое месца і значэнне ён мае ў літаратуры. Акрамя таго, Навум Гальпяровіч да свята рыхтуе зборнік сваіх выбраных вершаў, які таксама павінен стаць пэўным падарункам для роднага горада.