Галоўныя вехі 95-гадовай гісторыі Краязнаўчага музея Полацка

Главное

У снежні 2021 г. Краязнаўчаму музею Полацка споўнілася 95 год. Адкрыццё ўстановы стала для палачан доўгачаканай з’явай.

Яшчэ ў канцы 1918 г. павятовы аддзел народнай адукацыі прыняў рашэнне стварыць музей у Полацку пры Доме народнай асветы. Пачалася рэгістрацыя помнікаў даўніны, перапіс прадметаў мастацтва, прыём мастацкіх каштоўнасцей ад прыватных асоб. Але польска-савецкая вайна перашкодзіла рэалізацыі планаў.
Толькі летам 1920 г. справы па стварэнні ў горадзе музея зноў актывізаваліся. Гэтую працу ўзначаліла Камісія па ахове помнікаў даўніны і мастацтваў пад кіраўніцтвам дырэктара Першай савецкай школы Полацка П.В.Дэйніса. Зроблена было шмат, але музей так не і адкрылі.

У 1924 г. намаганні па стварэнні музея працягнула Полацкае краязнаўчае таварыства. Было ўтворана некалькі аддзелаў: нумізматыкі, мастацкі, ручной працы, палеанталогіі, гістарычны, рэвалюцыйнага руху, этнаграфічны, мясцовай прыроды і іншыя, а таксама невялічкая бібліятэка.

Даваенны перыяд дзейнасці Края­знаўчага музея быў складаны з-за ідэалагічнага ўздзеяння на стварэнне музейных экспазіцый і асноўныя накірункі дзейнасці. У 1937 г. Краязнаўчы музей, які размяшчаўся ў лютэранскай кірсе, зачыніўся — ён павінен быў адкрыцца ўжо ў адрамантаваным памяшканні Сафійскага сабора. Напрыканцы 1938 г. Краяўзнаўчы музей Полацка сустракаў першых наведвальнікаў. Але добрай экспазіцыі, верагодна, не атрымалася. Дырэктар музея Філімонаў на старонках раённай газеты пісаў: «З-за бесгаспадарчых адносін кіраўнікоў Заготзярно, якія на працягу 10 год выкарыстоўвалі былы Сафійскі сабор пад склад, маюцца вялікія пашкоджанні ўсходніх сценак і кладкі ХІ ст., знішчана пазалота карнізаў, дзвярэй. Урадавай камісіяй Сафійскі сабор узят пад дзяржаўную ахову. Музей будзе поўнасцю перабудаваны. У папаўненні новымі экспанатамі нам дапамогуць музеі Беларусі, Масквы і Ленінграда. Многія жыхары Полацка маюць карціны, манеты, фарфоравыя вырабы, рэчы, прадметы і т.д. Музей прымае ўсё гэта з аплатай іх каштоў­насці».
Пастаянныя змены ў кіраўніцтве, недахоп кадраў і ўнікальных экспанатаў, пераносы экспазіцый не дазволілі зберагчы летам 1941 г. тыя каштоўнасці музея, якія збіраліся ў 1920-1930 гг.

У лістападзе 1950 г. пад пастаянную экспазіцыю зноў была перададзена былая лютэранская кірха, занятая ў пасляваенныя гады абласным кінатэатрам.

Святкаванне 1100-годдзя першай летапіснай згадкі, прадметы, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак, папоўнілі фонды музея і стварылі ўмовы для рээкспазіцыі. Чарговы раз музей быў закрыты на рамонт у 1964 г., а праз два гады адкрылі новую экспазіцыю на першым паверсе, а яшчэ праз год — на другім. Калектыў Краязнаўчага музея ва Усесаюзным аглядзе быў узнагароджаны дыпломам «За поспехі ў навукова-­асветніцкай рабоце», а пазней дыпломам калегіі Міністэрства культуры БССР і прэзідыума Беларускага камітэта прафсаюзаў работнікаў культуры.

У 1967 г. Верхні і Ніжні замкі ў комплексе з Сафійскім саборам былі аб’яўлены філіялам Краязнаўчага музея. Новыя накірункі дзейнасці прывялі да пашырэння філіяльнай сеткі музея і адкрыцця новых экспазіцый.
У 1986 г. Краязнаўчы музей быў зноў зачынены на рамонт і рээкспазіцыю. 4 верасня 1988 г. адбылося адкрыццё аддзела дасавецкай гісторыі, а праз год пачаў працаваць аддзел гісторыі савецкага грамадства. У 1990-я гг. адкрылі этнаграфічную залу.

У 2006 г. адкрыта стацыянарная выстава «Полацк у міжваенны час. 1917–1941», якая вельмі хутка стала часткай пастаяннай экспазіцыі. Да 90-годдзя Краязнаўчага музея адкрыта яшчэ адна стацыянарная выстава «Ганаровыя грамадзяне горада Полацка», якая стала працягам пастаяннай экспазіцыі, прысвечанай гісторыі Полацка другой паловы ХХ-пачатку ХХІ стст. 

Апошнім вялікім праектам музея стала часовая выстава «Народжаныя перамагаць», адкрытая ў маі 2019 г.
Краязнаўчы музей Полацка і зараз не губляе сваёй папулярнасці сярод палачан і гасцей горада.