«Мы галасуем адразу трыма пакаленнямі!» — з гонарам гаварыла пенсіянерка Ала Аляксандраўна Палатка, якая прыйшла на выбарчы ўчастак у Ветрынскі гарпасялковы Дом культуры з дачкой Анастасіяй і ўнучкай Ірынай. Жанчыны і дзяўчына, якая галасавала ўпершыню, расказалі, што дзень выбараў Прэзідэнта краіны стаў у іх сям’і святочным. Сваю будучыню яны прыйшлі выбіраць у прыўзнятым настроі.
Старшыня выбарчай камісіі Андрэй Пяцюль паведаміў, што выбаршчыкі з самага ранку актыўна ідуць на ўчастак. Зрабіўшы выбар, з задавальненнем затрымліваюцца ля выязнога буфета, арганізаванага Полацкім райпо. Ветлівая прадавец магазіна №4 Тамара Пятрэнка прапаноўвае пакупнікам свежую, апетытную прадукцыю, прыгатаваную ў кулінарным цэху гэтага гандёвага прадпрыемства.
Андрэй Сяргеевіч паведаміў, што за ўчасткам замацаваны 956 выбаршчыкаў, трэцяя частка з якіх зрабіла выбар датэрмінова. Выбаршчыкі, у асноўным, — суседзі, жыхары вуліцы Армейскай пасёлка Ветрына, і сяльчане з 8 невялікіх вёсак Ветрынскага сельсавета. Іх на ўчасткі дастаўлялі спецыяльным транспартам.
Ганна Іванаўна і Юльян Казіміравіч Рамашка расказалі, што прыйшлі галасаваць з задавальненнем. Дзень выбараў яны лічаць сапраўдным святам. Галасавалі за працвітанне Беларусі, мір і спакой, каб у нашай краіне было ўтульна і жыхарам, і гасцям. Юльян Казіміравіч — ваенны пенсіянер, яго жонка — былы настаўнік матэматыкі. Іх сям’я прыехала ў Ветрына з Казахстана ў 1969 годзе, гэта было новае месца службы галавы сям’і.
19-гадовая Ніна Мячыкава галасавала ўпершыню. Яе маці — Аксана Сцяпанаўна — член выбарчай камісіі. Яна падрыхтавала дачку да выбараў, растлумачыла, дзе запаўняць бюлетэнь, куды апускаць. А вось падарунак ад старшыні выбарчай камісіі — паштоўка ад Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў і шакаладка — стаў для дзяўчыны прыемным сюрпрызам. Ніна працуе кантралёрам воднай гаспадаркі ў Ветрынскай ЖКГ, але марыць пра вучобу. Таму галасавала за стабільнасць, якая дазволіць ёй здзейсніць мары.
Яшчэ адна маладая выбаршчыца, 18-гадовая Аляксандра Мяшалкіна, здзівіла тым, што атрымлівае ў Гарадку мужчынскую спецыяльнасць электраманцёра… «Прыйшла на выбары прагаласаваць за мір і спакой. А ўсё астатняе ў нас ёсць!» — упэўнена сказала дзяўчына.