Набліжаючыся да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, мы ўсё часцей узгадваем пра асобу чалавека, які, апярэджваючы час, здолеў зрабіць значны крок у развіцці тагачаснага грамадства. Хто ён, Францыск Скарына, палачанін, які здолеў праславіць родны горад ва ўсім свеце? У чым яго адметнасць?
У мемарыяльнай «Зале сарака» Падуанскага ўніверсітэта знаходзяцца фрэскавыя партрэты сарака самых знакамітых выпускнікоў гэтай alma mater. Сярод іх, другі пасля Галілея, — ураджэнец Полацка Францыск Скарына.
Але не толькі гэта аб’ядноўвае нашага земляка з Галілеем і іншымі выдатнымі асобамі эпохі Адраджэння. Ён валодаў бліскучымі ведамі і меў навуковыя ступені, пацверджаныя аўтарытэтнымі вучонымі Еўропы. Пры гэтым ён быў чалавекам шырокіх поглядаў і ўніверсальнага таленту, праявіўшы сябе ў медыцыне, публіцыстыцы, асветніцкай і выдавецкай дзейнасці і многіх іншых галінах. І галоўнае, усёй сваёй тытанічнай працай Скарына даказаў адданасць ідэалам гуманізму. Сіла ведаў і таленту і шчырае імкненне служыць «народу паспалітаму» дазволілі яму ў многім аказацца першым.
Скарына заснаваў першую ва Усходняй Еўропе друкарню, дзе апублікаваў першую кнігу на мове, зразумелай кожнаму ў яго краіне. Яго дасягненні ў галіне тэхналогіі друкарскай справы былі таксама вельмі значнымі. Варта ўзгадаць хаця б пра тое, што штыфты і застаўкі Скарыны выкарыстоўваліся яшчэ каля стагоддзя пасля яго.
Ён стаў першым, хто дазволіў сабе надрукаваць свае развагі і ўласны партрэт у Бібліі (што да гэтага часу з’яўляецца беспрэцэдэнтным для Усходняй Еўропы). Тым самым Скарына зблізіў духоўнае і свецкае, веліч Бібліі і паўсядзённае жыццё. Нягледзячы на праследванні, выкліканыя шматлікімі адступленнямі ад шматвекавых традыцый, Францыск Скарына застаўся адданым сваім ідэалам і прынцыпам.
У аўтарскіх прадмовах да ўсіх кніг Бібліі Скарына адзначае, што яны напісаны як для ўнутранага, духоўнага спасціжэння таямніц быцця, так і для звычайнага чытання. У сваіх каментарыях да іх ён заклаў асновы айчыннай экзегетыкі — тлумачэння біблейскіх і старажытных тэкстаў. Як біблеіст і хрысціянін ён улічваў багаслоўскія традыцыі; як асветнік часоў Рэнесансу — выкарыстоўваў навуковую крытыку. Скарына быў упэўнены: навука і рэлігія, кожная сваім шляхам, вядуць нас да спасціжэння праўды. Беларускі асветнік пісаў: «Двоякая правда: Божия и человечья. Двоякий суд: Божий и человечий. Двоякая похвала: от Бога и от человека». Таму ў Свяшчэнным Пісанні ён шукаў не проста догму, а ключ да ўпарадкавання паўсядзённага жыцця, пабудовы гарманічных грамадскіх адносін, фарміравання ўніверсальнай маралі.
Францыск Скарына для ўсіх нас — таксама прыклад чалавека, які, навучаючыся ў розных краінах, спазнаючы дасягненні і традыцыі розных народаў, з гонарам нёс імя палачаніна. У сваіх выданнях ён называў сябе не інакш як «доктар Францыск Скарынін сын са слаўнага горада Полацка». Сімвалам патрыятызму, натуральнай і безумоўнай любові да роднай зямлі стала знакамітае выказванне: «…Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае, — так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць».