Філіял «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» лідзіруе ў Полацкім раёне па вытворчасці малака

Актуальное Заботы сельские

Жывёлаводы філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» заўсёды ўтрымліваюць лідэрскія пазіцыі па вытворчасці малака ў Полацкім раёне. Не стала выключэннем і сёлетняе лета: валавая вытворчасць каштоўнага прадукту гэтай гаспадаркі ў параўнанні з мінулым годам павялічылася амаль на тону.

Штодзень даяркі завіхаюцца ля сваіх рагуль на фермах «Казьянкі» з малакаправодам, «Чарнаручча» з даільным залам «Елачка» і на МТК «Заскаркі».
— Вельмі добра працуе калектыў фермы «Казьянкі», які ўзначальвае загадчыца Наталля Бельская, — адзначае галоўны заатэхнік філіяла Валянціна Троцкая. — Тут падыходы ў працы асаблівыя: у цэнтры ўвагі не толькі вытворчасць малака, але і захаванне здароўя жывёл. На ферме ўтрымліваюцца полаўзроставыя каровы, самыя старэйшыя — 10-ы ці 11-ы ацёл. З імі трэба ўмець працаваць, даярка Таццяна Захарэвіч спецыялізуецца на працы з такімі рагулямі.

Карову мала падаіць, трэба зрабіць гэта правільна. Жывёлаводы валодаюць неабходнымі ведамі, таму сёлета ў палявых умовах упершыню атрымалі малако сорту «экстра». Адпаведнае абсталяванне закуплена, малако высокай якасці доіцца асобна. Захоўваюцца ўсе тэхналагічныя параметры як даення, так і апрацоўкі малочнай залозы і ўсяго абсталявання. Цяпер «Казьянкі» маюць 50% малака сорту «экстра» ў палявых умовах не толькі летам. Цалкам па філіяле: калі па выніках мінулага года было 70% сорту «экстра», зараз дасягнулі 85%. Даяркі набліжаюцца да плану 90%. Працы ў іх стала больш, старання — таксама, але і заработная плата вырасла, таму што заробак залежыць ад кілаграмаў надоенага малака і ад сортнасці, якой яно здаецца.


У добрым выніку працы фермы заслуга не толькі аператараў машыннага даення. На агульны вынік працуюць і пастухі, памочнікі Мікалай Бураў і Сяргей Каралёў.
Валянціна Троцкая ўдзячная кожнаму працаўніку фермы, знайшла для іх добрыя словы. Вольга Шастапалава — даярка вопытная, любіць каровак «кампактных», умее з імі працаваць, ведае нюансы асемянення жывёл. Таццяна Купрыянава — маладая працаўніца, але старанная, паказчыкі па яе групе кароў паступова паляпшаюцца. Наталля Каралёва вылучаецца разважлівасцю і дасканаласцю, якія дапамагаюць ёй дасягаць добрых вынікаў. Таццяна Зуева таксама вопытная, умела выкарыстоўвае веды на практыцы. Пра Таццяну Захарэвіч — асаб­лівая гаворка: яна прафесіянал, у яе групе каровы самыя старыя па ўзросце, працаўніца вырашае ўсе тэхналагічныя пытанні з веданнем справы. Святлана Новікава сваю групу сёлета атрымала ўпершыню, але, малайчына, спраўляецца. Цікавіцца пытаннямі асемянення, бо разумее: як зараз пакрыюцца каровы, з такім малачком яна будзе зімой. Адказна ставіцца да працы Таццяна Бадзялава — начны вартаўнік і слесар халадзільнага абсталявання.

Працаўніцы фермы «Казьянкі» падтрымліваюць адна адну ў працы, дапамагаюць, з ахвотай вучацца. Усе зацікаўлены ў добрым агульным выніку. «У нас ёсць калектыў, кожны адчувае сябе яго часцінкай, — зазначыла загадчыца фермы Наталля Бельская. — На працу прыходзім у добрым настроі, жывёлы адчуваюць нашы стан і стаўленне да іх. За догляд і ўвагу яны імкнуцца аддзячыць высокімі надоямі».

Фота аўтара.