Філіял «Гараны-Агра» лідзіруе ў Полацкім раёне на сяўбе яравых збожжавых

Заботы сельские

Неўзабаве ў земляробаў надышоў час, калі адзін дзень год корміць. Ад таго, наколькі якасна яны падрыхтаваліся да пасяўной і зладжана яе правядуць, залежыць будучы ўраджай.

— Сёлета мы рана выехалі ў поле. У Кульках, дзе пясчаная глеба, яшчэ ў канцы сакавіка ўсё ўзаралі, падрыхтавалі і ўжо 2 і 4 красавіка сеялі авёс і гарох. Сухое надвор’е спрыяла працы, — расказала галоўны аграном філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Тамара Макарава.
Вопытны аграном адзначыла, што на хуткія тэмпы сяўбы аказала ўплыў новая тэхніка, якую набылі ў мінулым годзе. «Кіравец» з прычапным шыроказахватным агрэгатам «Kocerlinc» за дзень сеяў плошчу ад 50 да 70 гектараў. Нават у Кульках, дзе невялікія ўчасткі, ён паспяваў пасеяць па 47-50 гектараў за дзень. Доб­ра працаваў і 12-мятровы шыроказахватны «Amazone Citan12001C». Безумоўна, для гэтай магутнай тэхнікі неабходны палі-абшары, і яны ў «Гаранах-Агра» ёсць.

Тамара Макарава адзначыла, што сёлетні план яравой сяўбы ў гаранцаў — 1447 гектараў, з іх яравыя збожжавыя зоймуць пло­шчу 537 гектараў, рапс — 250, кукуруза — 330, адналетнія травы — 330.

Тамара Макарава распавядала пра сучасныя тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы, пра насенне высокай якасці, пра неабходнасць падсілкоўвання глебы. «І людзі працуюць з энтузіязмам. Гэта акалічнасць таксама паспрыяе стварэнню трывалага падмурка для будучага ўра­джаю», — адзначыла галоўны аграном.

Да серады на бягучым тыдні яравыя збожжавыя былі пасеяны на плошчы 476 гектараў, што адпавядала 89%. «Яшчэ дзень, і мы гэту працу скончым», — падсумавала Тамара Макарава. І адзначыла, што тэмпамі пасяўной яна задаволена, а вось якасць сяўбы і ў будучым — ураджай — маглі быць лепшымі пры добрай падкормцы пасеваў, але хімікатаў і ўдабрэнняў не хапае.
Ва ўрочышчы Базылёўка мы напаткалі за працай механізатара Сяргея Аніськовіча. На плошчы 21 гектар яму прадстаяла пасеяць пшаніцу нямецкага сорту «Квінтус».


«Добры працаўнік, бу­дзе з яго толк!» — хваліла працаўніка Тамара Макарава. Малады земляроб зазначыў, што праца ў полі яму падабаецца і даручэнні галоўнага агранома — па сілах. У філіял ён уладкаваўся шэсць год таму, ужо паспеў набы­­ць пэўны вопыт. Калісьці ў сельскай гаспадарцы працаваў яго бацька, таму Сяргей з дзяцінства знаёмы з працай на зямлі. Штодзень ён у полі ў 8 гадзін раніцы, працуе ўвесь светлавы дзень. Сёлета ўжо пасеяў бабовыя на плошчы 176 гектараў і адналетнія травы на плошчы 21 гектар.