Ферма ААТ «Новыя Гараны» стала пераможцай Полацкага раённага спаборніцтва па выніках вы­творчасці малака

Заботы сельские

Чарговыя віншаванні з наго­ды перамогі ў раённым спаборніцтве па выніках вы­творчасці малака сярод ма­лочнатаварных ферм за жнівень прымалі працавітыя жанчыны з фермы «Новыя Гараны №1» ААТ «Новыя Гараны», якія дасягнулі сярэдняга ўдою на карову 793 кілаграмы. Дыпломы і грашовыя дапамогі з гонарам і ўдзячнасцю ўручаў перадавікам старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі.

Для новагаранцаў гэтая перамога — не першая. Як расказала загадчыца фермы Надзея Бортнікава, іначай іх калектыў працаваць не ўмее. Усе дзяўчаты-даяркі па сваёй натуры — лідары, не прывыклі «цягнуцца ў хвасце».

Ды і сама Надзея Васільеўна не можа дазволіць, каб нешта ішло не так, як ёй хочацца.
— Нікому нічога не трэба нагадваць ці загадваць, усе працаўнікі ведаюць свае задачы. Галоўнае для нас — атрымаць ад замацаванага за намі статка са 148 кароў як мага больш малака, і тут ужо кожны з працуючых — 4 пастухі, трактарыст і 5 даярак — павінны працаваць зладжана, як звенні аднаго ланцужка. Уплываюць на надоі якасць і колькасць кармоў, здароўе жывёлы, але і з гэтым няма праблем: ветурач прыедзе адразу, як выклікаеш, і галоўны заатэхнік Міхаіл Кудранок бывае на ферме 3 разы на дзень.

А кіраўніцтва гаспадаркі ўсе намаганні прыкладае, каб кармы былі якасныя, збалансаваныя.
Надзея Васільеўна вылучыла сярод працуючых яўных лідараў, на якіх трымаецца ферма, і якія сваёй працай падаюць прыклад астатнім. Гэта даяркі Аксана Валеўка, Іна Кавалёва і Наталля Радзько.

Гэтыя жанчыны дабіваюцца высокіх надояў ад сваіх рагуль не толькі таму, што добра ведаюць сваю справу, але яшчэ і шчырай любоўю да жывёлы. Каровы — жывыя істоты, яны адчуваюць уважлівае стаўленне і імкнуцца аддзячыць сваім гаспадыням якасным прадуктам. Ферма «Новыя Гараны» рэалізоўвае дзяржаве 64% малака сортам «Экстра». Даяркі працуюць 4 дні, пяты — выхадны. І для іх важна, колькі малака атрымаюць ад іх групы калегі, якія іх замяшчаюць. І вось тут вялікая адказнасць кладзецца на Людмілу Катлёнак. Гэтая даярка — навічок у калектыве, але працуе старанна, вучыцца, каб нікога не падвесці.
Колькасць атрыманага малака ўплывае на заробак жывёлаводаў, таму ўсе зацікаўлены не толькі выканаць норму, але і атрымаць прыбаўку за «лішкі» каштоўнага прадукту.
Надзея Васільеўна — кіраўнік патрабавальны. Да сябе і падначаленых, калі трэба, — спытае строга, але за справу, за вынік, па справядлівасці. І на праўду ў калектыве ніхто не крыўдзіцца. Маладых каровак, якія даюць пасля раздою больш малака, загадчыца фермы размяркоўвае таксама справядліва, паміж усімі, пароўну.
«Галоўнае ў працы — сумленныя адносіны паміж працаўнікамі і начальствам. Калі смела гля­дзець адно аднаму ў вочы — тады і поспехі будуць!» — упэўнена Надзея Васільеўна. І завяршыла нашу размову словамі падзякі за добрасумленную працу ў адрас усіх працаўнікоў ААТ «Новыя Гараны».

Аліна БАЛЬШАКОВА
(тэкст і фота)

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *