З добрым настроем сустракае прафесійнае свята заатэхнік, аператар машыннага даення з ААТ «Новыя Гараны» Эдмунд Паўлінь. Сваёй адказнай працай ён уносіць важкі ўклад у развіццё гаспадаркі.
Мы сустрэліся з перадавіком на яго працоўным месцы.
— У канцы года заўсёды падсумоўваю вынікі працы, імкнуся штогод іх паляпшаць, — адзначыў вопытны жывёлавод.
Сёлета 40 год, як ён працуе даяром, 30 з іх — у гаспадарцы «Новыя Гараны». Зараз абслугоўвае групу з 55 кароў. На пытанне, ці ёсць любімыя рагулі, з усмешкай адказвае, што ўсіх любіць аднолькава, ён навучыўся адчуваць жывёлу. За ўважлівае стаўленне каровы дзякуюць гаспадару малаком. «Ад сваёй працы адчуваю асалоду на душы», — прызнаецца Эдмунд Адольфавіч.
У прафесію ён прыйшоў па слядах маці. Яго малая радзіма — Прыбалтыка, там ён пачынаў працоўны шлях. «Тое, што мужчына — даяр, для мяне нармальна, а вось беларусы здзіўляліся, калі я ўладкоўваўся на працу ў адну з гаспадарак Полацкага раёна ў 1993 годзе», — расказвае герой замалёўкі.
Дырэктар гаспадаркі Леанід Мурашка адзначаў, што Эдмунд Паўлінь адказны, безадмоўны, прафесіянал з вялікай літары. Дзякуючы гэтым якасцям, жывёлаводу ўдаецца дасягаць найлепшых вынікаў. Сярэдні ўдой на карову ў 2021 годзе па яго групе быў на 2492 кг малака больш, чым сярэдні па гаспадарцы. За 9 месяцаў бягучага года валавы надой малака па групе Э.Паўліня склаў 252,8 т, а сярэдні ўдой на карову — 6653 кг. Усё малако рэалізавана вышэйшым сортам і «экстра». Захаванасць цялят — 100%.
«У мяне ёсць дзеці і ўнукі — добры жыццёвы багаж», — расказвае Эдмунд Адольфавіч. Але тут, у Беларусі, жыве толькі сын Аляксей. Астатнія — за мяжой, родная сястра на яго малой радзіме. Стасункі падтрымліваюць праз інтэрнэт. Мае вопытны даяр і хобі — вырошчвае кветкі на прысядзібным участку.
Штогод з нагоды свята яго заахвочваюць граматамі, у 2015 годзе ўручылі медаль «За працоўныя заслугі». На яго думку, у чалавека, які сябе паважае, узнагароды павінны быць. «Я працую дзеля свайго сумлення, адказна. Дрэнна для сябе не будзеш працаваць. Калі адчуваеш ад зробленага задавальненне, тады і поспехі ёсць», — упэўнены перадавік.