Сёлета зноў у дзвюх гаспадарках Полацкага раёна — у ААТ «Новыя Гараны» і філіяле «Вясна-энерга» РУП «Віцебск-энерга» — з’явіліся каралевы каровінай прыгажосці. У прамым сэнсе. Дзве рагулі ўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе «Лепшая племянная карова малочнай пароды», які нядаўна праходзіў у межах Міжнароднай спецыялізаванай выставы «Белагра-2018» у Мінскім раёне.
Па выніках конкурсу кароўка з мянушкай Пячора, 2013 года нараджэння, з філіяла «Вясна-энерга» заваявала кубак, дыплом ІІ ступені і грашовую прэмію ў намінацыі «Лепшая племянная карова сярод кароў малочных парод па трэцяй лактацыі». Яе сяброўка з Новых Гаран, 2014 года нараджэння, з мянушкай Саломка таксама вярнулася дамоў у родную гаспадарку з кубкам, дыпломам ІІІ ступені і грашовай прэміяй. Яна была ўдзельніцай конкурсу ў намінацыі «Лепшая племянная карова сярод малочных парод па другой лактацыі».
У свяце каровінай прыгажосці бралі ўдзел 24 каровы з усіх абласцей краіны — па 4 з кожнай. Рэспубліканскі конкурс праводзіцца штогод з мэтай павышэння ўзроўню племянной працы ў суб’ектах племянной жывёлагадоўлі. Нашу Віцебскую вобласць ужо каторы год прадстаўлялі дзве каровы з Полацкага раёна, і дзве — з іншых. ААТ «Новыя Гараны» і філіял «Вясна-энерга» маюць статус племянных, ужо некалькі год яны спецыялізуюцца на развядзенні кароў чорна-стракатай галшцінскай пароды.
У далёкае падарожжа каровы-рэкардысткі з усёй краіны накіраваліся на некалькі дзён. Для іх былі пабудаваны імправізаваная ферма, а таксама манеж, дзе яны дэманстравалі дадзеныя.
— Да ўдзелу ў конкурсе мы рыхтаваліся доўга, — расказала ветурач ААТ «Новыя Гараны» Аксана Мурашка. — Усіх каровак даглядалі як след, кармілі канцэнтратамі, энергетычным кормам. Калі спецыялісты «Віцебскплемаб’яднання» вызначыліся з нашай прэтэндэнткай на ўдзел у конкурсе — перш за ўсё надалі ўвагу здароўю нашай Саломкі. Падлячылі, а ўжо перад самым конкурсам падстрыглі, «навялі прыгажосць». Даярка Наталля Каваленка была вельмі шчаслівая, што менавіта з яе групы кароўка паедзе на конкурс. Яна сама раздаіла яе, выгадавала.
— У тым, што нашы лепшыя каровы штогод выязджаюць у Мінск і сёлета прывезлі ўжо пяты па ліку прыз, безумоўна, — заслуга нашых даярак і спецыялістаў, — выказаў упэўненасць дырэктар ААТ «Новыя Гараны» Вісарыён Нам. Ён адзначыў, што гэтыя паездкі — нятаннае задавальненне, і ўдзел у конкурсе адбіваецца на здароўі канкурсантак, але тут на першы план выходзіць прэстыж гаспадаркі, Полацкага раёна і Віцебскай вобласці.
Спецыялісты, якія вазілі на конкурс каровак, адзначылі, што гэтыя паездкі — няпростыя, але карысныя для іх. Ветурачы, заатэхнікі, даяркі, жывёлаводы на выставах узбагачаюць свае веды. «Канешне, мы стаміліся фізічна, недасыпалі, але маральнае задавальненне атрымалі!» — прызналася выконваючая абавязкі загадчыцы фермы «Новыя Гараны» Валянціна Свярдлова. Нашымі каровамі, менавіта з Віцебскай вобласці, вельмі цікавіліся наведвальнікі «Белагра-2018» з розных далёкіх краін, нават з Індыі, прыцэньваліся, выказвалі жаданне купіць.
Галоўны заатэхнік філіяла «Вясна-энерга» Валянціна Троцкая выказала ўпэўненасць, што карова Пячора адпавядае ўсім параметрам галшцінскай пароды. Таму і заняла высокае прызавое месца. Аператар-жывёлавод філіяла Наталля Казакова і жывёлавод Вадзім Саўчанка, якія вазілі яе ў Мінск, ганарыліся яе выглядам, прадукцыйнасцю.
Па якіх жа крытэрыях ацэньвалі канкурсантак? Безумоўна, галоўны з іх — удой. У нашай Пячоры паказчык — 10393 кг малака за 305 дзён, у Саломкі — 10042 кг. У параўнанні з канкурэнткамі ў палачанак — дастаткова высокія лічбы. Таксама ацэньваліся прыкметы экстэр’ера жывёлы — так званая «каровіна прыгажосць»: агульны выгляд, вымя, канечнасці, усяго — 16 пазіцый! На мой суб’ектыўны погляд, самымі прыгожымі на конкурсе былі менавіта нашы, полацкія, рагулі. Акуратненькія, чысценькія, з прыгожымі выразнымі вачыма… Іншыя каровы таксама прыцягнулі маю ўвагу, але, у першую чаргу, вялікімі памерамі.
Яны адзначалі, што Пячоры было цяжка прывыкнуць да новых умоў утрымання, дома яна жыве на робатызаваным комплексе «Заскаркі». Пасля вяртання са сталіцы ў Пячоры павялічыўся сутачны надой малака да 42 літраў!
Зараз дзве нашы лепшыя кароўкі ўтрымліваюцца асобна, на працягу 30 дзён яны будуць знаходзіцца на каранціне. Спецыялісты і ветурачы назіраюць за іх здароўем, а ў агульны статак не пускаюць, таму што яны знаходзіліся нейкі час з жывёламі з іншых абласцей, маглі «падхапіць» інфекцыю.
Мы даведаліся, што пасля ўдзелу ў рэспубліканскіх конкурсах усе рэкардысткі па надоях з ААТ «Новыя Гараны» з мянушкамі Бабоўка, Пяструха, Улітка і Ліка паводзілі сябе крыху інакш: трымаліся некаторы час асобна ад сваіх сябровак. Жывёлаводы жартуюць, што ім не ўдалося пазбегнуць «зоркавай хваробы». Як будзе паводзіць сябе ўладальніца дыплома Саломка? Сёлета ёй адной з гаспадаркі (у ААТ «Новыя Гараны» агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы — каля 2 тысяч галоў, дойны статак — 650) пашчасціла выйсці на рэспубліканскі подыум і вярнуцца дамой прызёркай конкурсу!