Сёлета ў Мінску праходзіла ўжо XXXIII Міжнародная спецыялізаваная выстава «Белагра». Сярод шматлікіх мерапрыемстваў грандыёзнага сельскагаспадарчага форуму была і выстава «Лепшая племянная карова малочнай пароды».
Мерапрыемства штогод праходзіць па ініцыятыве Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і ДА «Белплемжываб’яднанне». Штогод у конкурсе прымаюць удзел 24 каровы розных лактацый — па 6 з кожнай вобласці.
Сёлета Віцебскую вобласць на прэстыжным форуме прадстаўлялі рагулі з Віцебскага, Браслаўскага і Полацкага раёнаў.
Нашы две каровы з мянушкамі Славяначка і Лана — з філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга». З любоў’ю выхоўвалі і рыхтавалі каровак на конкурс, суправаджалі ў Мінскую вобласць жывёлаводы філіяла на чале з галоўным заатэхнікам Валянцінай Троцкай.
Падчас конкурсу арганізатары стварылі подыум, на які выводзілі кароў для ацэнкі іх знешняга выгляду. А ўвогуле кампетэнтнае журы ацэньвала жывёл па 18 прыкметах.
Наша карова Славяначка першай лактацыі выглядала годна. Сваім канкурэнткам яна саступіла па паказчыку сутачнага ўдою, хоць ён у яе і вялікі — 42,5 кілаграма малака. Рагуля з мянушкай Лана трэцяй лактацыі ацэньвалася па прадуктыўнасці за 305 дзён лактацыі. 10 399 кілаграмаў малака — колькасць немалая, але каровы з іншых абласцей яшчэ больш прадуктыўныя!
Начальнік філіяла «Полацкая райплемстанцыя» Наталля Гарчакова расказала, што сёлетняя паездка ў сталіцу была ўжо 11-й, і час паказаў, што каровы з Полацкага раёна з кожным годам набіраюць большую колькасць балаў. Увогуле гэты конкурс — своеасаблівы вынік працы за год і адначасова экзамен для тых, хто займаецца племянной дзейнасцю ў Рэспубліцы Беларусь. Наталля Гарчакова выказвала падзяку дырэктару філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» Яўгену Набебіну за вялікую падрыхтоўчую працу і ўдзел у рэспубліканскім конкурсе.
Па выніках конкурсу Славяначка і Лана занялі III месцы, жывёлаводы атрымалі кубкі і грашовыя прэміі — па 140 базавых велічынь за кожную карову.