На працягу амаль тыдня на новай экспазіцыйнай пляцоўцы ў Мінскім раёне, у аграгарадку Шчэмысліца, праходзіла 27-я Міжнародная спецыялізаваная выстава «Белагра-2017».
Аграрны форум традыцыйна сабраў разам беларускіх аграрыяў і працаўнікоў харчовай і перапрацоўчай прамысловасці, а таксама іх замежных калег. На «Белагра» былі прадстаўлены лепшыя дасягненні ў галіне сельгасмашынабудавання, тэхналогій і абсталявання для поўнага цыклу сельгасвытворчасці і перапрацоўкі.
У межах выставы дасягненняў АПК традыцыйна праходзіў рэспубліканскі конкурс «Лепшая племянная карова малочнай пароды». Яго арганізатары — Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і ДА «Белплемжываб’яднанне». Штогод у ім прымаюць удзел 24 лепшыя каровы: па 4 ад кожнай вобласці.
Да гонару палачан, трэці год запар на рэспубліканскі подыум каровінай прыгажосці выходзілі рагулі з Полацкага раёна. Сёлета ў дальнюю дарогу накіраваліся каровы галшцінскай пароды з нашых племянных гаспадарак ААТ «Новыя Гараны» і філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга» з мянушкамі Ліка і Зойка.
Нашы канкурсанткі прадстаўлялі Віцебскую вобласць у дзвюх намінацыях: «Лепшая племянная карова сярод малочных парод па першай лактацыі» і «Лепшая племянная карова сярод кароў малочных парод па другой лактацыі».
У першай намінацыі маглі ўдзельнічаць каровы з мінімальным сутачным удоем не меней за 30 кілаграмаў. Новагаранская Ліка адпавядала патрабаванню: яе найлепшы сутачны ўдой склаў 40,8 кілаграма! У другой намінацыі можна было выстаўляць карову з удоем не меней за 7 000 кілаграмаў малака за 305 дзён скончанай лактацыі. Вясноўская Зойка перад строгім журы прадстала з годнымі паказчыкамі: удой — 10 487 кілаграмаў малака (тлустасць — 3,91%)!
Акрамя паказчыкаў па прадуктыўнасці, кампетэнтнае журы ацэньвала каровак на прыгажосць, ім ставіліся балы за агульны выгляд, вымя і канечнасці. Кожная парода — па-свойму прыгожая, і выстава пацвердзіла гэта.
Разам з дэлегацыяй Полацкага раёна, якая наведала важны аграрны форум, мы любаваліся нашымі полацкімі кароўкамі: яны былі такія чысценькія, беленькія, на наш погляд — самыя лепшыя! Мы радаваліся, што і надвор’е было халаднаватае, спрыяльнае для канкурсантак, якія і так аказаліся стойкімі, перанеслі нямала выпрабаванняў пры падрыхтоўцы і падчас правядзення конкурсу.
Намаганні жывёлаводаў Полацкага раёна не былі марнымі: па выніках конкурсу нашы рагулі адзначаны за III месца (кожная ў сваёй намінацыі).
Дырэктар Полацкай райплемстанцыі Наталля Гарчакова выказала сваё меркаванне наконт удзелу нашых кароў у выставе: «Тое, што менавіта нашы рагулі, з Полацкага раёна, могуць абараняць сёння гонар Віцебскай вобласці на міжнароднай выставе — гэта ўжо вельмі прэстыжна. Сам удзел у конкурсе — гэта вялікая перамога ўсіх працаўнікоў ААТ «Новыя Гараны» і філіяла «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга». Хачу выказаць падзяку кіраўнікам гаспадарак Вісарыёну Наму і Сяргею Фаміну, усім нераўнадушным спецыялістам, жывёлаводам за годную падрыхтоўку і ўдзел жывёл у конкурсе!».