«Нас яднае рака – Дзвіна-Даўгава. Яна звязвае не толькі краіны і гарады, але і народы і культуры.
Такого шчыльнага супрацоўніцтва, як з Полацкам, у Латвіі няма ні з адным іншым горадам Беларусі. Рэалізуюцца праекты па прымежных праграмах, адбываецца турыстычны абмен, наладжваюцца сяброўскія сувязі. Гэта вельмі каштоўны ўнёсак у ўзаемаадносіны паміж дзяржавамі», — такую думку выказаў консул Латвіі Угіс Скуя.
У канферэнц-зале Музея беларускага кнігадрукавання адбылося мерапрыемства «Дзень латвійскага мастацтва ў Полацку: пластыка формы, пластыка вобразу». Былі прадстаўлены выстава медальернага мастацтва і мастацтва кіно сучаснай Латвіі. Праект рэалізаваны пры непасрэдным удзеле Консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску і асабіста консула Угіса Скуі.
У той дзень у Музеі адкрыта выстава «XVI Латвійскае трыенале медальернага мастацтва». Пра яе канцэпцыю расказаў куратар, мастацтвазнаўца Міхаіл Цыбульскі. Дарэчы, экспазіцыя з Латвіі прыехала ў Беларусь упершыню. Яна сабрала работы 15 аўтараў.
Прадзюсар, мастацтвазнаўца Элвіта Рука прадставіла прысутным фільм «Падарожжа Мэры», прысвечаны выратаванню і абароне музейных каштоўнасцяў падчас Другой сусветнай вайны.
Дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Джумантаева выказала спадзяванне, што традыцыя правядзення Дня латвійскага мастацтва ў Полацку будзе працягвацца. Яна падзякавала консульству Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску і асабіста консулу Угісу Скуі за важкі ўклад у рэалізацыю ідэі і навядзенне трывалых мастоў паміж дзвюма краінамі.
У сваю чаргу Угіс Скуя зазначыў, што ўсё атрымалася дзякуючы плённаму супрацоўніцтву, і ўручыў Музею беларускага кнігадрукавання ў падарунак ад Латвійскай Нацыянальнай бібліятэкі кнігі, якія папоўняць калекцыю музейнай установы.
Выстава медальернага мастацтва ў музеі будзе працаваць да канца чэрвеня. Пазнаёміцца з унікальнымі творамі можа кожны. Далучайцеся!