На пачатку тыдня ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці ў Мінску быў дадзены старт Усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!», якая штогод праходзіць напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Галоўнымі героямі ўрачыстасці сталі 27 падлеткаў з усіх рэгіёнаў краіны — выдатнікі вучобы, удзельнікі навукова-практычных канферэнцый, пераможцы і прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў, прадметных алімпіяд. У іх ліку і палачане — Ірына Суханава (Полацкая дзяржаўная гімназія №1 імя Францыска Скарыны) і Аляксандр Канькоў (Полацкае кадэцкае вучылішча).
Пуцёўку ў дарослае жыццё — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — маладым людзям уручыла Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава.
Наталля Іванаўна пажадала юным грамадзянам стаць сапраўднымі патрыётамі, тымі, хто любіць сваю краіну, народ і сям’ю. Яна заклікала моладзь не забываць, што яны нарадзіліся і жывуць у свабоднай, незалежнай Беларусі, якую стваралі шматлікія пакаленні. А таксама нагадала, што адзін з галоўных абавязкаў грамадзяніна любой краіны — з павагай ставіцца да сваёй гісторыі.
У сваю чаргу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, першы сакратар ЦК ГА «БРСМ» Андрэй Белякоў адзначыў, што падлеткі, якія атрымалі пашпарты з рук Наталлі Качанавай, ужо дасягнулі пэўных
вышынь.
Ужо другі год запар са словам ад моладзі ў адказ выступаюць прадстаўнікі слаўнай полацкай зямлі.
— Пашпарт — галоўны дакумент любога грамадзяніна, які пацвяржае яго прыналежнасць да вялікай, працавітай і дружнай сям’і, імя якой беларускі народ. Палачане ва ўсе часы адыгрывалі важную ролю ў фарміраванні дзяржаўнасці, станаўленні духоўнасці, развіцці беларускай культуры і яе традыцый. Я прыкладу ўсе намаганні, каб справай даказваць, што вартая сваёй малой радзімы, — паабяцала Ірына Суханава.
Пасля слоў юнай палачанкі ўсе прысутныя хлопцы і дзяўчаты ў думках далі абяцанне быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны.
…Аляксандр і Ірына не толькі выдатна вучацца, але і ўдзельнічаюць у прадметных алімпіядах і грамадскім жыцці сваіх устаноў адукацыі.
— Усіх эмоцый ад урачыстасці словамі не перадаць! Нам аказаны вялікі гонар атрымаць пашпарт з рук Кіраўніка
Адміністрацыі Прэзідэнта. Гэтая падзея застанецца ў памяці назаўсёды, бо зараз мы — паўнапраўныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, — прызналіся юныя палачане.
Атрыманне пашпарта — важная і адказная падзея. Першы дакумент — гэта крок у дарослае жыццё. І юныя палачане зрабілі яго з гонарам за свой край. І цяпер, крок за крокам, маладыя і поўныя сіл юнакі і дзяўчаты гатовы даказваць, што яны — сапраўдныя грамадзяне сінявокай Беларусі.