Добрае надвор’е спрыяе ўборцы ўраджаю зерневых культур на Полаччыне

Заботы сельские

Серада на бягучым тыдні выдалася цёплай. З самага ранку сонца ўзнялася высока, лёгкі ветрык ледзь калыхаў травы і каласы ў хлебным полі. «Самая пара для жніва, вось чаму месяц мае назву жнівень», — падумалася, калі ехалі па вясковай дарозе, уздоўж аднаго з палёў ААТ «Кушлікі».

Ва ўрочышчы Пойма працавалі чатыры камбайны і пяць аўтамабіляў на адвозцы зерня. Ішло жніво азімай пшаніцы з прыгожай назвай сорту — «Аўгусціна». У полі пахла хлебам.

Выгрузка зерня пад кантролем.

«Ураджай вырас добры — 56 цэнтнераў з гектара, — расказ­ваў дырэктар гаспадаркі Фёдар Завацкі. — Пшаніца чыстая, без пустазелля, хвароб, сцябло прадуктыўнае. Спецыялісты змаглі правільна падабраць гербіцыды для апрацоўкі пасеваў, усходаў і калоссяў».

Экіпаж камбайнераў: Андрэй Гарнастай і Аляксандр Каросцік.

«Хлопцы імкнуцца берагчы працоўны час. Сёння надвор’е спрыяе ўборцы хлеба. Камбайны будуць у полі да першай расы», — удакладніла стан спраў галоўны аграном гаспадаркі Людміла Лісіцына. І расказала, што глеба на гэтым полі — адна з лепшых у гаспадарцы, і ўраджаі зерневых тут звычайна высокія. Убраную пшаніцу павязуць на зернеток на прасушку. Потым збожжа чакаюць чыстка, падрыхтоўка для пасеваў і рэалізацыі.
Фёдар Завацкі ўзяўся за падлік зярнятак з аднаго каласка. Прымяніўшы формулу аграномаў, атрымаў вынік, што аддача ад гектара можа быць каля 70 цэнтнераў. «Гэта калі ўбраць чысценька, і каб усе каласы былі аднолькавыя»,
 — марыў услых Фёдар Фёдаравіч.

Вадзіцель Мікалай Скарадзёнак.

Сёлетняя ўборачная кампанія для кушлікоўцаў адметная тым, што тры камбайнеры, за выключэннем Аляксандра Каросціка, працуюць без памочнікаў. «Людзей не хапае», — назваў прычыну дырэктар.

Аператар сушылкі Андрэй Моніч.

На сушылцы мы вялі гутарку з аператарам устаноўкі Андрэем Монічам. Мужчына з веданнем справы працаваў з вільгацямерам, займаецца сушкай зерня пяты сезон. Праца падабаецца, хоць і патрабуе вялікай адказнасці. Сёлета, па ацэнцы спецыяліста, зерне вільготнае, патрабуе доўгай прасушкі. У гаспадарцы дзве сушылкі — адна працуе на цвёрдым паліве, другая на дызельным. Тое зерне, якое прывязлі з поля пры нас, будзе сушыцца 9 гадзін. У аператара сушылкі ёсць тры памочнікі, якія добра разумеюць пастаўленую задачу: высушыць збожжа, атрымаць якасны насенны матэрыял.

Фота Аліны БАЛЬШАКОВАЙ.