На працягу двух дзён наш старажытны горад ператварыўся ў незвычайную чароўную краіну творчасці і цудаў. Дзень беларускага пісьменства, 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і 1155-годдзе любімага Полацка — да святкавання знакавых дат далучыліся і малыя, і дарослыя. Свой падарунак Маладзёжнай сталіцы Рэспублікі
Беларусь падрыхтавалі энергічныя, крэатыўныя юнакі і дзяўчыты.
Ля помніка Сімяону Полацкаму нястомны творчы калектыў ДУК «Полацкі раённы Цэнтр культуры» рэалізаваў цікавы праект — маладзёжнае свята-фестываль «Мы — у тэме!». Чатыры гадзіны стыльнай, моднай музыкі, пазітыўнага настрою, інтэрактыву давалі поўнае адчуванне таго, што кожны, хто завітаў сюды, — «у тэме»!
А пачаўся фестываль, канечне, з прэзентацыі брэнда «Полацк — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь-2017», якому ў рамках абласнога конкурсу прэзентацый-брэндаў гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці на XXVI Міжнароднаым фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску-2017» было прысуджана Гран-пры!
Вядучая запрашала гледачоў прагуляцца па Маладзёжнай сталіцы. Зазірнуць на «Плошчу прафесій», дзе артысты прадставілі прадпрыемствы Полаччыны. Потым — прайсціся па «Праспекце адукацыі», аглядаючы эмблемы ўсіх полацкіх ссну, птну і ПДУ, абавязкова спыніцца на «Алеі любові», убачыць не толькі шчаслівых закаханых, але і валанцёраў, якія дораць радасць дзецям, чысціню гораду, а яшчэ маладых патрыётаў, якія спяваюць пра любоў да роднай Беларусі. «Стадыён адораных» паказаў шматграннасць талентаў нашай моладзі, каля «Стэлы мэтанакіраванасці» палачане слухалі гімн ГА «БРСМ». Не пакінуў нікога абыякавым «Парк культуры», дзе, звярнуўшыся да традыцый, артысты прадставілі народныя святы, а завяршылася ўсё «Талакой», якая сабрала ўраджай апладысментаў.
Прэзентаваць брэнд калектыву Полацкага раённага Цэнтра культуры дапамагалі актывісты пярвічкі ГА «БРСМ» Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа і народная студыя эстэтычнага выхавання «Калібры» Полацкага ГПК.
Разынкай свята-фестывалю «Мы — у тэме!» стала акцыя «1155 віншаванняў гораду Полацку», дзе кожны наведвальнік ў вялізарнай кнізе мог пакінуць сваё віншаванне гораду-юбіляру.
Музычна-танцавальны мікс
Зарад святочнай энергетыкі прадоўжыла «трансліраваць у эфір» народная студыя эстраднага майстэрства «Тандэм» ДУК «Полацкі раённы Цэнтр культуры» яркай стылізаванай праграмай «Фольк-music». Гэтую эстафету ў эстрадным кірунку падхапілі творчыя калектывы РЦК народная шоу-група «Крэатыў» і народная эстрадная студыя «X-day».
Здорава, што гледачам не адводзілася роля пасіўных назіральнікаў. Падчас усіх канцэртных праграм артысты з групы падтрымкі, паказваючы даступныя рухі, актыўна ўключалі моладзь ва ўсеагульны флэшмоб!
Анлайн-гульні і майстар-класы
Маладыя гаспадары пляцоўкі запрашалі тых, хто «ў тэме», на «Бітву на дзвінскай вадзе», «Сундук рэкордаў», у «Прызавы басейн», або «Злаві ўдачу», у касплей-зону «Полацкая ўсмешка» з героямі любімых фільмаў, у фота-зону «#МолодёжьПолотчины» ад Полацкага РК ГА «БРСМ», а таксама зрабіць сэлфі з роставай лялькай Polotsk-PHONE.
Тут жа ўсе жадаючыя маглі трапіць на майстар-клас па касапляценні ад лаўрэата рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, майстра вытворчага навучання УА «Полацкі хіміка-тэхналагічны каледж» Вольгі Нядведзь.
Прыхільнікаў, і не толькі, лаціна-амерыканскіх танцаў прыцягнуў майстар-клас па сальсе і бачаце студыі бальнага танца «Кураж». Моладзь працягвала весяліцца з калектывамі Гарадскога Палаца культуры — цэнтрам сучаснага выхавання «Джэм», школай усходняга танца «Gold Strеаm», народнай вакальнай студыяй «Музычная хваля» і студыяй эстэтычнага выхавання «Сафія». А потым гледачы сталі ўдзельнікамі рэтра-праекта «Гісторыю памятаем, будучыню творым», падрыхтаванага творчым калектывам ДУК «Полацкі раённы Цэнтр культуры». Дапоўнілі праект канцэртныя нумары народнага мужчынскага ансамбля «Вдохновение» Палаца культуры ААТ «Полацк-Шкловалакно». Любімыя мелодыі розных пакаленняў, рэтра-шлягеры, суперхіты мінулых гадоў аб’ядналі ўсіх, хто «ў тэме».