Для галоўнага бухгалтара адной з буйных гаспадарак Полацкага раёна сёлетні студзень стаў юбілейным

Люди

Сёлетні студзень — юбілейны для галоўнага бухгалтара адной з буйных гаспадарак Полацкага раёна — філіяла «Гараны-Агра» ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў» Ліліі Яўгенаўны Ступаковай.

У святочны дзень яна прымала віншаванні ад дырэктара філіяла Аляксандра Калтунова і калег па працы, а таксама ад гасцей з Полацка.

Ужо мінула сем год, як гаспадарка «Гараны» працуе разам з інвестарам. «Ніколі не бывае праблем, заўсёды справаздачы зроблены якасна, пісьменна. Дзякуй за адданую працу, Лілія Яўгенаўна!» — гучалі ў адрас юбіляркі віншаванні ад адміністрацыі ААТ «Полацкі камбінат  хлебапрадуктаў».

«За высокі прафесіяналізм, шматгадовую працу з задавальненнем уручаем Вам Ганаровую грамату Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў АПК», — віншаваў віноўніцу ўрачыстасці старшыня Полацкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Дабраслаўскі. У дадатак да шчырых слоў госці ўручылі падарункі і букеты.

Вучылася Лілія ў школе ў вёсцы Завуцце Міёрскага раёна, потым скончыла Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Працавала тры гады аграномам. Але вырашыла, што абраная прафесія ёй не падыходзіць. Пайшла вучыцца ў Горацкую сельгасакадэмію, атрымала эканамічную адукацыю. У 1989 годзе ўладкавалася на працу бухгалтарам у сельгаспрадпрыемства «Гараны» Полацкага раёна. Спачатку была бухгалтарам, з 1996 года ўзначаліла бухгалтэрыю, зараз у яе 6 падначаленых.

Сёлетні юбілейны настрой Ліліі Яўгенаўны азмрочаны тым, што за тыдзень да яго ёй давялося пахаваць роднага брата. Крыху раней яна страціла бацькоў, яшчэ аднаго брата і мужа. Нягледзячы на гэтыя жыццёвыя выпрабаванні, мужная жанчына знаходзіць у сабе сілы адказна працаваць і быць надзейнай апорай для адзінага сына Уладзіміра. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі хлопец зараз служыць у арміі, ужо вясной маці чакае яго дамоў…

Як ставіцца жанчына з імем Лілія — назвай цудоўнай кветкі — да гэтых цудаў прыроды? Юбілярка расказала, што ёй пада­баюцца ўсе кветкі, многія яна сама вырошчвае, але да лілій-гарлачыкаў, якія ўпрыгожваюць летняе возера, — з самага дзяцінства стаўленне асаблівае. Любіць яна і ліліі, якія растуць у кветніку ля дома. І ўвогуле ўдзячная бацькам, што далі ёй такое прыгожае імя.

У сёлетні дзень нараджэння Ліліі Ступаковай выпала багата снегу. Такое ж снежнае надвор’е было ў пачатку студзеня і 50 год таму. Юбілярка гэта добра ведае, таму што маці расказвала, што з-за таго, што вуліцы і дарогі былі занесены снегам, нарадзіла яе ў машыне. Парадзіха жыла ў вёсцы Кухцінцы Міёрскага раёна, папрасіла суседа адвезці яе ў бальніцу ў Дзісну. Той згадзіўся, але з-за вялікага снегу машыну прыйшлося спыніць.

На пытанне, ці зрабіла юбілярка падарунак да круглай даты для сябе любімай, Лілія Яўгенаўна адказала станоўча. Пяць год таму яна загадала жаданне: пакупацца ў Індыйскім акіяне. У мінулым лістападзе яны з сяброўкай з’ездзілі на адпачынак у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Уражанні ад паездкі — самыя цёплыя. Асабліва ім спадабаліся фантаны і прыемна здзівілі сваімі паводзінамі мясцовыя жыхары, якія ўмеюць годна адпачы­ваць: прыходзяць увечары ў парк сем’ямі, п’юць каву ці гарбату…

Лілія Яўгенаўна выглядае маладзей за свой узрост. У чым сакрэт прывабнасці? Яна сябруе з фізкультурай, даўно адмовілася ад салодкіх кавы і чаю, замест хлеба ўжывае карысныя хлябцы з вотруб’я. А яшчэ — любіць прымаць гасцей у сваім доме, умее добра гатаваць. І заўсёды жыве з марай у сэрцы.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *